Яе асноўныя тэмы: хрысьціяне перад выклікамі сьвету, надзея на адзіны дзень сьвяткаваньня Вялікадня, заклік да міру і асуджэньне выкарыстаньня імя Бога для апраўданьня гвалту, паведамляе Vatican News.
«Мы рашуча адкідаем якое-кольвек выкарыстаньне рэлігіі й імя Бога для апраўданьня гвалту. Мы верым, што сапраўдны міжрэлігійны дыялёг, далёкі ад таго, каб быць крыніцай сынкрэтызму і блытаніны, зьяўляецца неабходнай умовай для мірнага суіснаваньня народаў розных традыцый і культураў», — напісалі папа і патрыярх, заклікаючы «ўсіх людзей добрай волі працаваць разам дзеля больш справядлівага і салідарнага сьвету і клапаціцца пра стварэньне, якое даверана нам Богам». «Толькі так чалавечая сям’я здолее пераадолець абыякавасьць, жаданьне панаваньня, прагнасьць да прыбытку і ксэнафобію», — гаворыцца ў сумеснай дэклярацыі.
«Нягледзячы на глыбокую занепакоенасьць сучаснай міжнароднай сытуацыяй, мы ня трацім надзеі. Бог не пакіне чалавецтва», — падкрэсьлілі Леў XIV і Баўтрамей І.
- 69-гадовы амэрыканскі кардынал Робэрт Прэво, які ўзяў імя Леў ХIV, быў абраны 267-м кіраўніком Каталіцкай царквы 8 траўня 2025 году. Папа Леў XIV рушыў у сваю першую замежную паездку амаль празь сем месяцаў пасьля абраньня. Ад 27 па 30 лістапада ён наведвае Турэччыну, а потым да 2 сьнежня — Лібан.
- Сусьветны патрыярх Баўтрамей — сьвецкае імя Дымітрыяс Архандоніс — нарадзіўся ў 1940 годзе на востраве Імбрас (сёньня востраў Гёкчэада, Турэччына). У 1991 годзе Баўтрамей быў абраны 270-м архіяпіскапам Канстантынопалю — Новага Рыму і Сусьветным патрыярхам 2000-гадовай, заснаванай Сьв. Андрэем царквы.
Форум