Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правакацыі на мяжы — супраць беларуска-літоўскай агульнай памяці. Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра


На цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні. 22 лістапада 2019 году
На цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863–64 гадоў у Вільні. 22 лістапада 2019 году

Сьцісла

  • Беларуска-літоўскае суіснаваньне цягам амаль 800 гадоў — патэнцыял у супрацьстаяньні расейскай агрэсіі.
  • Ніводная правакацыя менскага рэжыму на літоўскай мяжы не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.
  • Беларускія нацыянальныя інтарэсы супадаюць зь літоўскімі, ім цалкам чужыя інтарэсы менскага рэжыму, якія супадаюць з маскоўскімі.

Што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Дзякуй за твой ліст! Ты пішаш пра балючую для беларусаў сытуацыю, калі мяжа зь Літвой закрыецца назаўжды. Маўляў, гэта не спыняе ані балёнаў з кантрабандай, якія лятуць з тэрыторыі Беларусі, ані мігрантаў, якія прыходзяць адтуль сама. Затое гэта разрывае чалавечыя зносіны і самую беларуска-літоўскую агульную памяць.

Усё так, і, мне думаецца, якраз гэтая памяць мае ў сабе сакральную сілу, каб супрацьстаяць правакацыям.

Літоўцы ўскладаюць надзеі на Эўразьвяз і NATO, а мне, апроч гэтага, бачыцца амаль некрануты патэнцыял у супольным беларуска-літоўскім суіснаваньні на працягу амаль 800 гадоў — колькі мы пра сябе ведаем. Што мы з гэтага вынесьлі і не выкарыстоўваем.

Літоўцы разумеюць, што балёны — не тактычная правакацыя менскага рэжыму, а стратэгічная, бо робіцца для таго, каб Літва прывыкала жыць у напружанасьці вайны, маўляў, пасьля, як у Крыме, там зьявяцца «зялёныя чалавечкі», і застанецца толькі разьвесьці рукамі, бо для адэкватнага адказу з боку NATO быццам і ня будзе дастатковай прычыны… Усё як у новым дакумэнтальным фільме Цімоха Акудовіча пра падзелы Рэчы Паспалітай, калі Расея ўвяла войскі ў Беларусь. Аказалася, увяла на 200 гадоў і яшчэ невядома на колькі.

Выкрасьленыя з гісторыі

Гэты якасна зроблены фільм называецца «1795. Імпэрыя наносіць удар» і адказвае на самае, мабыць, заблытанае пытаньне нашага мінулага — як, чаму і куды зьнікла тады наша беларуская сярэднявечная сіла і слава.

Рэч Паспалітая — фэдэратыўная манархічная рэспубліка, якая ўтварылася падчас Люблінскай уніі 1569 году з аб’яднаньня дзьвюх дзяржаваў, двух суб’ектаў: Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, ядром якога была цяперашняя Беларусь, і Каралеўства Польскага. Праіснавала Рэч Паспалітая да 1795 году. Што да поўнае назвы Вялікага Княства, дык літоўскім у ёй трэба лічыць падданства, а рускім і жамойцкім — этнічную прыналежнасьць цяперашніх беларусаў ды ўкраінцаў, а жамойцкім — балтаў.

Рэч Паспалітая была магутнай эўрапейскай дзяржавай. Яе мажнаўладцы, магнаты і шляхта, усьведамляючы сваю прыналежнасьць да Эўропы і пад пагрозай нападу Масковіі актыўна палянізаваліся. Як заўважае Цімох Акудовіч, прымаючы Канстытуцыю 3 траўня 1791 году, яны «забылі» ўзгадаць у тэксьце ВКЛ, хоць, паўтаруся, гэта была адна дзяржава: ВКЛ + Польскае Каралеўства. Назва Рэч Паспалітая пачала фактычна азначаць толькі Польшчу. І тады Расея ўвяла ў ВКЛ войскі.

Пра тое, як Масковія скрала сабе назву Русь і сфальшавала ўсю гісторыю, зьедліва пісаў Карл Маркс

Пра тое, як Масковія скрала сабе назву Русь і сфальшавала ўсю гісторыю, зьедліва пісаў Карл Маркс, маўляў, маскоўская гісторыя ня мае ніякага дачыненьня да гісторыі Русі і прышытая да яе белымі ніткамі. Сёньня, дарэчы, гэты крадзёж служыць галоўнай матывацыяй расейскай (маскоўскай) агрэсіі ва Ўкраіне, якая і ёсьць тая самая Русь, а таксама для палітычнай прафанацыі ў Беларусі, якая і ёсьць тая самая Русь у ВКЛ. То бок каб ні Ўкраіны, ні Беларусі, ні праўдзівай Русі ўрэшце ня стала, а ўсё навокал была тая самая эўразійская дэспатычная Маскоўская імпэрыя.

І вось што мы маем у выніку. У сьвеце ёсьць Рэч Паспалітая — але ўжо бяз нас, толькі як Польшча. Ёсьць у сьвеце і Русь-Расея, але гэта Масковія — аж да Курыл, хоць насамрэч гэта былі беларусы і ўкраінцы. Ёсьць у сьвеце і Літва, але бяз нас, хоць гістарычна былі гэта цяперашнія мы і цяперашнія літоўцы.

Інакш кажучы, ад ВКЛ засталася яшчэ Беларусь, і я думаю пра гэты патэнцыял у супрацьстаяньні расейскай агрэсіі — краіну і народ. Пра нашу гістарычную адказнасьць за ВКЛ, якое 500 гадоў існавала ў Эўропе і дзе, між іншым, беларуская (руская тады) мова была дзяржаўнай, на якой пісаліся Статут і Мэтрыкі ВКЛ… Як пісаў тагачасны паэт Ян Казімер Пашкевіч ў 1621 годзе на старабеларускай мове:

Полска квитнет лациною,

Литва квитнет русчызною,

Без той в Полще не пребудеш,

Без сей в Литве блазнѣм будзеш.

Пра нацыянальныя інтарэсы

Трэба разумець, што ніводная правакацыя менскага рэжыму на літоўскай мяжы не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі і беларускай нацыі. Наадварот — гэта наўпроставая шкода і людзям, і самой Беларусі, яе іміджу ў сьвеце. А паколькі сам гэты рэжым ня мае, апроч тэрытарыяльнай, ніякіх беларускіх прыкметаў, а мае толькі расейскія прыкметы і праводзіць русыфікатарскую палітыку, мае поўную залежнасьць ад Масквы, нельга казаць, што гэтыя правакацыі беларускія і што рэжым — беларускі і выказвае волю беларусаў, калі дае тэрыторыю для пуцінскай агрэсіі супраць Украіны, калі садзіць беларусаў у турмы за вокліч «Жыве Беларусь!», калі гоніць на мяжу плынь мігрантаў ці закідае ў Літву балёны з кантрабандай. Калі менскі дыктатар абраў сабе ролю пракладкі для пуцінскае сваволі, дык толькі так яго і трэба разглядаць.

Што да Беларусі і беларусаў — гэта сапраўды нармальны народ, захоплены маскоўскай хунтай. Дзіўна назіраць гэтыя архаічныя правакацыі, якія робяцца сёньня, каб адарваць Беларусь ад Эўропы.

Літоўцы збудавалі сваю дэмакратыю і лягічна мяняюць колішнія, яшчэ савецкія погляды, у тым ліку і на нашу агульную гісторыю. Напрыклад, да таго, як парэшткі Кастуся Каліноўскага выйшлі з апоўзьня на Замкавай гары ў Вільні, літоўскія адмыслоўцы старой школы не прызнавалі, што на гары ёсьць такая магіла. Але новае пакаленьне ўжо глядзіць па-іншаму, і пахаваньне паўстанцаў у 2019 годзе адбылося тут на дзяржаўным узроўні. Застаецца зрабіць наступны крок, назваць паўстаньне замест «польскага» — беларуска-літоўскім ці літоўска-беларускім. Уласна за гэта і змагаўся Каліноўскі і з Масквой, і з Варшавай. Адмысловую кнігу пра гэта напісаў гісторык Сяргей Абламейка. Польскім тое паўстаньне назвала Масква (пасьля казусу з назвай Рэчы Паспалітай), каб усё закальцаваць і пазбавіць беларусаў уласнае памяці і сілы.

Мяжу будавалі найперш у мазгах

За савецкім часам цягнік ад сталіцы да сталіцы ішоў дзьве гадзіны. Ты сядаў у Менску на «Чайку» і празь дзьве гадзіны запіваў кавай сасіскі на чыгуначным вакзале ў Вільні.

Адначасова ў падручніках па гісторыі БССР пісалі пра тое, што «нас захапілі літоўскія фэадалы»… Нас зь літоўцамі ўсяляк рабіла (і робіць) ворагамі маскоўская прапаганда і яе менскі філіял.

Фізычна гэтая мяжа (каля 700 км) зьявілася ў сярэдзіне 1990-х.

У шахматы хтосьці гуляе фігурамі, а хтосьці дошкай

Што могуць зрабіць літоўцы супраць гэтых правакацыяў, гэтага лому, калі самі ня маюць ніякага лому? Агульнавядома, што эмпат заўсёды прайграе псыхапату. А эмпатычная дзяржава — псыхапатычнай хунце. Каб мець шанцы, эмпат выбірае больш складаныя і глыбокія варыянты: ён гуляе ў шахматы ня дошкай, а фігурамі.

Папраўдзе кажучы, закрыць мяжу — найгорш для людзей, а не для хунты. Хунце добра, калі людзі пакутуюць, хунта ненавідзіць людзей. Кажуць, што Расея бамбіць мірных украінцаў найперш для таго, каб украінцы самі ўзьненавідзелі свае ўласныя ўлады. То бок каб аддаліся сьляпому інстынкту…

Беларускія нацыянальныя інтарэсы супадаюць зь літоўскімі і ім цалкам чужыя інтарэсам менскага рэжыму, якія супадаюць з маскоўскімі

Я думаю пра нашу гістарычную адказнасьць і ўжо пісаў пра гэта. У нармальным беларусе няма экспансіянізму. І зусім не дарма Прадстаўніцтва вольнай Беларусі знаходзіцца ў Літве. Беларускія нацыянальныя інтарэсы супадаюць зь літоўскімі, ім цалкам чужыя інтарэсы менскага рэжыму, якія супадаюць з маскоўскімі. Я не сумняваюся, што пры агрэсіі Масквы на Балтыю беларусы будуць разам зь літоўцамі, як гэта шмат разоў бывала ў гісторыі і як гэта было ў 1991 годзе, калі маскоўскія танкі нападалі ў Вільні на натоўпы бяззбройных людзей.

Беларусы цяпер, як ніколі, шмат перакладаюць літоўскай літаратуры. За пару гадоў выйшлі раманы Шкемы, Кунчынаса, Гавяліса, чатыры тамы Сабаляўскайце, анталёгія літоўскай паэзіі… Ня дзіва, бо ў нашых краях барацьба за вызваленьне заўсёды пачыналася з кніг. У нас агульная традыцыя кніганошаў. Я думаю, што паміж агульнай мінуўшчынай і агульнай будучыняй мы можам знайсьці той агонь братэрства, які так упарта гасіла (і гасіць) маскоўская прапаганда і армія.

Краіна, якая, нягледзячы на ўсе войны і агрэсіі, магла быць пасьпяховай на працягу стагодзьдзяў, мусіць вярнуць сваю годнасьць. Такі мой прыватны погляд і мне важна, як на гэта глядзіш ты.

Пішы, моцна чакаю.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG