Расейская ўпаўнаважаная ў правах чалавека Тацяна Маскалькова паведаміла, што ў Беларусь на лячэньне накіроўваюцца расейскія грамадзяне, якія пацярпелі падчас баёў у Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў у расейскай вайне супраць Украіны.
«Пры спрыяньні беларускага боку зь Белгараду і Курску ў Беларусь адправілася першая група, 410 чалавек. Яе праводзілі супрацоўнікі майго апарату і рэгіянальныя ўпаўнаважаныя Жана Кірэева і Ўладзімір Фірсаў. Перад Новым годам санаторна-курортнае лячэньне пройдуць 770 чалавек — у санаторыях „Буг“, „Лётцы“, „Прыдняпроўскі“, „Чонкі“ і санаторыі імя Леніна», — паведамляецца ў тэлеграм-канале Маскальковай.
Маскалькова паведаміла, што арганізавалі адпачынак так званая саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, губэрнатары Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў і беларускі бок.
Санаторыя «Буг» месьціцца ў Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, «Лётцы» — у Віцебскім раёне, «Прыдняпроўскі» — у Рагачоўскім, «Чонкі» — у Гомельскім раёне, імя Леніна — у Бабруйску. Ніводная з гэтых санаторыяў не паведаміла аб прыбыцьці групы з Расеі.
Маскалькова, якая нарадзілася ў Віцебску, з 2023 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, уведзенымі за поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» украінскіх атак і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. У выніку атак нярэдка ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтых паведамленьняў не камэнтуе.
- 22 траўня 2023 году на тэрыторыю Белгарадзкай вобласьці Расеі ўвайшлі некалькі дзясяткаў байцоў, якія заявілі пра сваю прыналежнасьць да РДК і легіёну «Свабода Расеі». Яны захапілі расейскую памежную заставу і знаходзіліся ў некалькіх населеных пунктах гарадзкой акругі. Падчас гэтых рэйдаў у Кіеве сьцьвярджалі, што Ўкраіна наўпрост ня мае да іх дачыненьня, бо «Расейскі добраахвотніцкі корпус» не ўваходзіць у склад яе ўзброеных сіл і складаецца з грамадзян Расеі.
- 1 чэрвеня 2023 году Расейскі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расеі», якія ваююць на баку Ўкраіны, абвясьцілі аб новым рэйдзе на тэрыторыю РФ. Пасьля Міністэрства абароны РФ паведаміла аб «няўдалай спробе ўварваньня» ў Белгарадзкую вобласьць.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны».
- У сакавіку 2025 году Ўкраіна вывела свае войскі з Курскай вобласьці Расеі.
Форум