Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 1 сьнежня: настаўніцу і прадпрымальніцу асудзілі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»

абноўлена

Магілёўскі абласны суд, архіўнае фота
Магілёўскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Настаўніцу і прадпрымальніцу з Магілёва асудзілі за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня»

У Магілёўскім абласным судзе ў верасьні асудзілі мясцовых жыхарак Марыну Храмцову і Аляксандру Дуброўскую. Абедзьвюх абвінавацілі ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу). Падобна, ідзецца пра «дваровы чат». Як стала вядома MAYDAYMog, кожнай з жанчын прысудзілі па тры гады пазбаўленьня волі і штраф.

У Магілёве яны вядомыя як аматаркі беларускай культуры, бралі ўдзел у імпрэзах Таварыства беларускай мовы і гуртку народных танцаў. Дуброўская працавала настаўніцай замежных моваў у школах. Храмцова займалася індывідуальным прадпрымальніцтвам.

28 лістапада Марыну і Аляксандру ўнесьлі ў так званы «Сьпіс экстрэмістаў», цяпер жанчыны адбываюць тэрмін у жаночай калёніі № 3.

На гэты момант праваабаронцам вядома пра мінімум 39 асуджаных у «справе дваровых чатаў».

Турма за камэнтары ў Тэлеграме і пратэсты

Дзьмітрыю Ковачу 41 год, ён мянчук, у 2007 годзе скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт, піша Наша ніва. З 2009 году Ковач пайшоў у сфэру турызму. Апошнім часам працаваў візавым спэцыялістам у адной з прыватных турыстычных фірмаў.

Дзьмітрыя арыштавалі ў сакавіку. У лістападзе яго асудзілі паводле двух артыкулаў — «удзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «распальваньне варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК).

Ковачу пагражала да 5 гадоў калёніі. Дакладны прысуд невядомы, але ён зьвязаны з пазбаўленьнем волі.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG