Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта будзе гамон». Транспартнік і пасажыры расказваюць, чым можа абярнуцца патэнцыйная забарона маршрутак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Замяніць мікрааўтобусы аўтобусамі на даўжэйшых маршрутах, увесьці хуткія маршруты: улады прыдумалі, як рэфармаваць сфэру перавозак. Свабода разабралася, што гэта значыць для людзей і перавозьнікаў.

14 лістапада Лукашэнка выказаўся пра маршруткі: маўляў, яны ўтвараюць вялікія чэргі, людзі стаяць у калейках даўжынёй па 150 мэтраў, каб уціснуцца ў маршрутку, таму трэба гэты транспарт замяніць аўтобусамі, у тым ліку электробусамі.

«Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 мэтраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэтую сьмярдзючую маршрутку», — заяўляе кіраўнік дзяржавы.

На гэтую тэму 19 лістапада Міністэрства транспарту арганізавала «круглы стол» у Берасьці. Чыноўнікі прапанавалі наступнае:

  • На даўжэйшых маршрутах мікрааўтобусы замяніць аўтобусамі (замест М2 — такім кодам абазначаюць маршруткі і невялікія аўтобусы — пусьціць М3, г. зн. аўтобусы).
  • Увесьці паміж гарадамі хуткія маршруты, дзе менш прыпынкаў
  • Прадаваць квіткі на маршруткі не толькі онлайн, але і ў касах аўтавакзалаў.
  • Дастаўляць пасажыраў у гарады-спадарожнікі за 20-30 хвілін.

Плянуецца таксама, што ў Беларусі да 1 траўня 2027 году створаць адзіную сыстэму рэзэрвацыі й продажу квіткоў на аўтобусы і маршрутныя таксі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства прапануе рэгіёнам завяршыць рэформы да 2030 году, сумяшчаючы іх з паступовай аптымізацыяй сеткі міжгародніх маршрутаў. Таксама замоўцам і апэратарам рэкамэндавана дапускаць да новых конкурсаў на права рэгулярных пасажырскіх перавозак у асноўным аўтобусы катэгорыі М3.

«Гэта будзе гамон»

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі людзьмі ў Беларусі, якія рэгулярна карыстаюцца маршруткамі, каб дабрацца ў іншыя гарады. Паводле аднаго з суразмоўцаў, калі ўлада возьмецца нешта мяняць, то «гэта будзе гамон».

«Калі яны возьмуцца абнаўляць аўтапарк, то проста ў Менску набудуць аўтобусы 10-гадовай даўніны. Добра, што маршруткі наагул ёсьць, яны розныя. Ёсьць старыя, ёсьць новыя. Цяжка бывае ў яе сесьці ўвечары, не стае месцаў. Што да альтэрнатывы маршруткам, то ёсьць электрычка, ёсьць дзяржаўныя аўтобусы, якія ходзяць рэдка, а ўдзень іх амаль няма. Калі возьмуцца нешта мяняць-рэфармаваць, то будзе як заўжды: зробяць горш, чым было дагэтуль», — расказвае суразмоўца, які часта езьдзіць у Менск зь іншага гораду.

Іншы суразмоўца рэгулярна карыстаецца маршруткамі на некалькіх міжгародніх кірунках. Нараканьняў на якасьць ня мае: транспарт прасторны і зручны, ходзіць рэгулярна.

Адзіная праблема, пра якую кажа суразмоўца, — на некаторых кірунках за 4 дні да выходных квіткоў ужо не купіць, шмат ахвочых.

Для параўнаньня: на маршруце Менск — Полацак ёсьць як маршруткі, так і аўтобусы ад дзяржаўнага «Мінсктрансу». Маршруткі ходзяць часьцей, чым раз на гадзіну, каштуе паездка 30 рублёў, у дарозе да 4,5 гадзіны. Аўтобусы ходзяць ня кожны дзень, дарога займае прыкладна столькі ж часу, каштуе на некалькі рублёў таньней залежна ад маршруту.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Уладзімер (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) працуе ў прыватнай транспартнай кампаніі, якая абслугоўвае маршруты з аднаго з абласных цэнтраў Беларусі ў Менск і іншыя гарады. Ён кажа, што «цікавасьць» уладаў да пасажырскіх перавозак ўзьнікла ня ўчора і выкліканая найперш жаданьнем адабраць частку прыбыткаў у прыватнікаў.

«Дзяржаўныя прыдпрыемствы перавозак калі яшчэ недзе і захаваліся, амаль усе стратныя, — кажа Ўладзімер. — Яны ня могуць з намі канкураваць. І рэч тут зусім не ў маршрутках, а акурат у гэтым. Хочуць забраць нашыя прыбыткі сабе».

З словаў суразмоўцы, невялікія мікрааўтобусы акурат дапамагалі рабіць сетку перавозак больш гнуткай, зь іх дапамогай маршруты можна арганізаваць амаль у кожны населены пункт. Туды, куды вялікі аўтобус ганяць няма сэнсу.

«Я чуў таксама вэрсію, што такім чынам (забараняючы перавозкі маршруткамі. — РС) улады хочуць змусіць нас набываць прадукцыю МАЗу, вялікія аўтобусы. Але прыватнікі хутчэй закрыюцца, чым будуць гэта рабіць. На вялікіх беларускіх аўтобусах будзе проста нявыгадна працаваць. Нехта, магчыма, перастроіцца. Але большасьць проста закрыецца. Будзе зноў як у 90-х, калі быў адзін маршрут на дзень кудысьці на старым гнілым аўтобусе зь дзяржаўнага аўтапарку».

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суразмоўца дадае, што сярод перавозьнікаў пакуль усё ж няма панікі. Маўляў, беларусы прызвычаеныя да гучных заяваў улады, пасьля якіх часта няма канкрэтных дзеяньняў або яны ў выніку сымбалічныя.

«Праз паўгоду гэта ўсё проста спусьцяць на тармазах»

Агучаную Ўладзімерам вэрсію пацьвярджае эканаміст Аляксей Харкевіч. Ён мяркуе, што зараз чыноўнікі проста рэагуюць на выказваньні Лукашэнкі, што можа ні да чога не прывесьці ў будучыні.

«Менская вобласьць набыла 15 аўтобусаў, але гэта выглядае як фармальнасьць, бо ў вобласьці раёнаў болей. Як я зразумеў, на тых маршрутах, дзе ёсьць чэргі, проста пусьцяць большыя аўтобусы дзяржаўных перавозьнікаў, магчыма, дададуць новыя аўтобусы ў расклад — з улікам таго, што аўтобусаў закупілі зусім няшмат», — расказвае эканаміст.

Паводле суразмоўцы, калі дзяржава хоча замяніць маршрутнікаў, то гэта наўрад ці ўдасца.

«Дзяржаўныя перавозьнікі хранічна стратныя, ня думаю, што ім удасца замяніць прыватнікаў. Хутчэй за ўсё, празь некалькі гадоў гэтую тэму проста спусьцяць на тармазах», — заўважае Харкевіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG