Пра тое, што Латвія разглядае магчымасьць падаўжэньня ўзмоцненага памежнага рэжыму, паведамляе Delfi, спасылаючыся на праект адпаведнага дакумэнту.
Рэжым узмоцненай аховы на мяжы Латвіі зь Беларусьсю дзейнічае да 31 сьнежня 2025 году на падставе рашэньня ўраду Латвіі, прынятага сёлета 25 чэрвеня.
МУС Латвіі адзначыў, што «ціск нелегальнай іміграцыі па-ранейшаму безупынны і высокі». У сваю чаргу МЗС Латвіі ўважае адкрытую падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны «дадатковым чыньнікам рызыкі і магчымай матывацыяй для Беларусі працягваць намаганьні ў дэстабілізацыі сытуацыі на дзяржаўнай мяжы з Латвіяй».
Сёлета Латвія не дазволіла нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі прыкладна 11,8 тыс. мігрантаў. Пры гэтым 31 чалавеку не адмовілі ў перасячэньні мяжы ў абыход правілаў — з гуманітарных матываў.
Узмоцнены рэжым кантролю ўсталяваны ў Люцыне і валасьцях Люцынскага краю, у валасьцях Краслаўскага краю, у Аўгшдаўгаўскім краі, у Дзьвінску і ў воласьці Каўнатас Рэжыцкага краю.
10 верасьня 2024 году ўрад Латвіі падоўжыў узмоцнены рэжым памежнага кантролю на мяжы зь Беларусьсю да 31 сьнежня. Да гэтага дзеяньне ўзмоцненага рэжыму падаўжалі на паўгода 13 сакавіка.
Згодна з заканадаўствам Латвіі, узмоцнены рэжым аховы мяжы абвяшчаецца на тэрмін да паўгода з магчымасьцю яго падоўжыць — да выпраўленьня сытуацыі або пераадоленьня адпаведнай пагрозы.
Напярэдадні ўлады Латвіі працягнулі абмежаваньні на палёты ў вячэрні і начны час у паветранай прасторы ўздоўж сваіх межаў, у тым ліку зь Беларусьсю.
Форум