Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», разам з былым ваяром палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам, якога Віетнам выдаў Беларусі, судзілі і Васіля Грачыху.
Грачыху затрымалі вясной 2025 году пры невядомых абставінах. Прапагандысты паказалі, як яго вядуць па балоцістай мясцовасьці некалькі супрацоўнікаў КДБ з аўтаматамі.
Агулам каліноўцаў абвінавацілі паводле дванаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У выніку Васіля Грачыху асудзілі да пяці гадоў калёніі, а Васілю Верамейчыку прызначылі 13 гадоў калёніі.
Верамейчык і Грачыха ўтрымліваюцца ў СІЗА-1 у Калядзічах пад Менскам.
У траўні 2025 году сюжэт пра затрыманьне Васіля Грачыхі паказалі па БТ. Пры гэтым невядома, якім чынам і дзе яго арыштавалі. У сюжэце БТ паказваюць, як сілавікі ў амуніцыі выводзяць мужчыну з вайсковага верталёта, на галаве ў яго мех, рукі зьвязаныя будаўнічай сьцяжкай.
Як расказалі ў сюжэце, Васіль у лютым 2022 году выехаў у Польшчу і праз тры месяцы ўступіў у Полк імя Каліноўскага.
Допыт добраахвотніку на камэру зрабіў начальнік Сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак. Грачыху КДБ назваў «зьбеглым тэрарыстам», які ваяваў у палку Каліноўскага.