Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура накіравала ў суд яшчэ адну справу даўно памерлага нацыста, які дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі


Вярхоўны суд Беларусі, архіўнае фота
Вярхоўны суд Беларусі, архіўнае фота

Гэта шосты падобны выпадак у кампаніі абвінавачаньняў у «генацыдзе беларускага народа» падчас Другой сусьветнай вайны.

Генэральны пракурор Беларусі накіраваў у Вярхоўны Суд крымінальную справу па абвінавачаньні ў генацыдзе беларускага народа Ганса Зіглінга, які ўваходзіў у склад СС і ахоўнай паліцыі.

Паводле матэрыялаў справы Зіглінг арганізаваў карныя апэрацыі і акцыі, падчас якіх зьдзейсьніў забойствы, уключаючы масавыя, зьнішчэньне поўнасьцю або часткова 11 сельскіх населеных пунктаў. Яго абвінавачваюць у арганізацыі расстрэлаў і павешаньня не менш за 1706 чалавек.

У гісторыі Беларусі гэта шостая накіраваная ў суд крымінальная справа ў адносінах да нацыста, піша пракуратура.

Ганс Зіглінг (ням.: Hans Siegling; нападзіўся ў 1912-м — памёр пасьля 1975 году) — нямецкі афіцэр, удзельнік СС падчас Другой сусьветнай вайны. Змагаўся з партызанамі ў Беларусі, узначальваў розныя баявыя адзінкі, у тым ліку складзеныя з беларусаў.

Пасьля вайны Ганс Зіглінг жыў у Баварыі, стаў прадпрымальнікам.

Да тэмы генацыду беларускія ўлады вярнуліся праз «падзеі жніўня 2020 году і наступнага постэлектаральнага пэрыяду, якія адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь», вынікае з афіцыйнага сайту Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Паводле ведамства, у апошнія некалькі гадоў пачалі актыўна распаўсюджвацца «фэйкі» аб Вялікай Айчыннай вайне. Таму ў красавіку 2021 году генпракурор Андрэй Швед завёў крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народу.

5 студзеня 2022 году Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Пад беларускім народам у дакумэнце маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР.

Праваабарончая арганізацыя Human Constanta падрыхтавала прававы агляд закону «Аб генацыдзе беларускага народу». У ім падкрэсьліваецца, што «Закон „Аб генацыдзе беларускага народа“ фактычна замацоўвае манаполію аўтарытарных беларускіх уладаў на тлумачэньне гісторыі і дае дзяржаве дадатковы карны інструмэнт у выглядзе крымінальнага пакараньня за выказваньне меркаваньняў, адрозных ад „адзіна верных“ дзяржаўных трактовак гісторыі».

У ліпені 2023 году былі прынятыя папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, згодна зь якімі не дапускаецца адмаўляць у завядзеньні крымінальнай справы і спыняць вядзеньне ў справах, якія тычацца памерлых асобаў, што ўчынілі злачынствы супраць міру і бясьпекі чалавецтва бяз тэрміну даўнасьці.

Цяпер у Беларусі дазволена заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключаючы генацыд. Пры доказах віны памерлага ў такіх справах выносіцца абвінаваўчы прысуд без прызначэньня пакараньня.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG