Канада стала першай краінай па-за Эўразьвязам, якая далучылася да фонду Security Action for Europe (SAFE). Цяпер краіна зможа атрымліваць ільготныя крэдыты пад гарантыі Брусэлю для куплі зброі і спадарожных тавараў, піша Deutsche Welle.
Аб’ём фонду — 150 млрд эўра. Яго заснавалі ў траўні 2025 году, каб зьменшыць залежнасьць Украіны ад амэрыканскіх паставак зброі, а таксама гарантаваць эўрапейскую здольнасьць абараніцца ад імавернай расейскай атакі на кантынэнт.
«Разам мы створым устойлівыя абаронныя ланцужкі паставак паміж нашымі прамысловасьцямі ў крытычны час для глябальнай бясьпекі», — гаворыцца ў супольнай заяве кіраўніка Эўрапейскай камісіі Урзулі фон дэр Ляен і прэм’ер-міністра Канады Марка Карні.
Канада спадзяецца дзякуючы далучэньню да фонду пашырыць рынкі для сваіх пастаўнікоў і запрасіць абаронныя фірмы ЭЗ у сваю краіну.
Аб жаданьні далучыцца да SAFE раней заяўляла і Вялікая Брытанія, аднак Лёндан не задаволены памерам патрабаванай уступнай складкі.
Плян Польшчы
Тым часам Польшча падала Эўрапейскай камісіі інвэстыцыйны плян крэдытаў паводле праграмы SAFE. Краіна плянуе выдаткаваць гэтыя сродкі на такія тавары, як баявыя машыны, супрацьтанкавыя міны, аўтамабілі мінаваньня і зэнітныя сыстэмы. Агулам Польшча плянуе ўзяць павер на 43,7 млрд эўра.
Раней стала вядома, што Польшча зьбіраецца ўмацаваць за кошт крэдыту і свой праект «Усходні шчыт», які мінімалізуе пагрозы з усходу.
Акрамя таго, у Варшаве спадзяюцца пашырыць рынкі продажу аўтаматызаваных сыстэмаў мінаваньня Baobab-K, якія вырабляюць у горадзе Сталёва Воля.
Польскі плян будзе да шасьці тыдняў ацэньваць адмысловая камісія, каб затым перадаць яго ў Эўрапейскую Раду. На пачатку сакавіка, калі ўсё будзе ўхвалена, Польшча і Эўразьвяз падпішуць дамову пра крэдыт. Як паведаміла газэце Rzeczpospolitа прадстаўніца фонду Магдалена Сабковяк-Чарнэцкая, пасьля падпісаньня ўмовы 15% трапіць у Польшчу ў якасьці авансу.
Поўны сьпіс ўзбраеньняў, якія хоча закупіць або вырабляць у сябе Польшча, не абвешчаны, але ў наступныя месяцы будзе больш канкрэтыкі. Сярод іншага вядома, што на патрэбы польскага войска зьбіраюцца закупіць сэрыю баявых машынаў пяхоты Borsuk, якія таксама вырабляюцца ў Сталёвай Волі. Пакуль такіх БМП на ўзбраеньні войска 111 штук. Калі гэты пункт ухваляць, Польшча дасягне патрэбных 65% складнікаў узбраеньня, што вырабляюцца ў Эўрапейскай эканамічнай прасторы.
Зьбіраюцца палякі ўкласьціся таксама ў вытворчасьць бесьпілётнікаў і антыдронавых сыстэмаў. Гэта асабліва актуальна, гледзячы на разьвіцьцё гэтай індустрыі ў Расеі.
У плянах і фінансаваньне далейшага выпуску зэнітных сыстэмаў Piorun, якія закупляюць таксама Швэцыя, Літва і Эстонія.
Форум