Два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тэрмін два гады і штраф атрымаў браканьер, які незаконна застрэліў медзьведзяня. Гэта адбылося ў пачатку году ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці.
Пра прысуд 29-гадоваму паляўнічаму паведамілі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз (ДКСЭ). Паведамляецца, што для адстрэлу бурага мядзьведзя мужчына ня меў адпаведнай ліцэнзіі.
У траўні 2025 года жыхарка Бешанковіцкага раёна знайшла на ўзбочыне дарогі тушу медзьведзяня і паведаміла пра гэта ў інспэкцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. На месца выехала сьледча-апэратыўная група. Пазьней у тушы экспэрты знайшлі кулю, была заведзеная крымінальная справа па факту забойства дзікай жывёлы, якая знаходзіцца ў Чырвонай кнізе. Экспэртыза высьветліла, што знойдзенай куляй калібру 7,62 мм у мядзьведзя пацэліў жыхар Віцебска, віну ў забойстве бурага мядзьведзя ён прызнаў.
Браканьер асуджаны на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады,— паведамілі ў ДКСЭ. Таксама суд прызначыў яму штраф у памеры 300 базавых велічыняў (12,6 тысячы рублёў), яго пазбавілі права займацца паляваньнем на працягу пяці гадоў ды канфіскавалі паляўнічы карабін і цеплавізарны прыцэл.
Адстрэл мядзьведзяў у Беларусі дазволены зь ліпеня 2025 году паводле ліцэнзіі і пакуль толькі на тэрыторыі Віцебскай і некаторых раёнаў Менскай вобласьцяў, бо на іншых тэрыторыях папуляцыя мядзьведзя ў дастатковым памеры яшчэ не аднавілася.
Першы буры мядзьведзь быў забіты на афіцыйна дазволеным у Беларусі паляваньні 15 ліпеня 2025 года, гэта адбылося на ў Віцебскай паляўнічай гаспадарцы.
Паводле інфармацыі Белстату, якую прыводзіла DW, у 2019 годзе колькасьць папуляцыі мядзьведзяў у Беларусі ацэньвалася прыкладна ў 19 асобінаў, у 2020-м — каля 42, а ў 2021-м — ужо 580 мядзьведзяў.
Легальны адстрэл мядзьведзяў у Беларусі
У Беларусі панізілі прыродаахоўны статус мядзьведзя і дазволілі паляваць на яго з 1 ліпеня па 31 сьнежня. У сярэдзіне ліпеня ўпалявалі першага мядзьведзя, а ў верасьні паведамілі аб 10 упаляваных жывёлах.
Улады Беларусі дазвол апраўдваюць тым, што апошнімі гадамі вырасла колькасьць гэтых дзікіх жывёлаў. І мядзьведзі, застаючыся ў Чырвонай кнізе Беларусі, цяпер адначасова ўпісаныя ў пералік нармаваных паляўнічых жывёлаў.
Як паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў, грамадзянін Беларусі павінен заплаціць за дазвол паляваць 6 тысяч рублёў, а грамадзяне краін ЭАЭС (у Эўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея. — РС) — 10 000 рублёў.
Сёлета паляваньне на мядзьведзя завяршаецца 31 сьнежня. Наступны паляўнічы сэзон адкрыецца толькі 1 ліпеня 2026 году.
У Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбакоў раней паведамлялі, што сёлета для адстрэлу заплянавалі каля 20 асобін мядзьведзя і столькі ж дазволаў прададуць праз аўкцыён. Да ўдзелу ў атрыманьні права паляваць на мядзьведзя дапускаюць паляўнічых з стажам, большым за тры гады.