Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС Літвы заявіў, што ня вядзе расьсьледаваньне наконт бесьпілётніка, у запуску якога краіну вінавацяць улады Беларусі


Дрон, які паводле прапаганды Лукашэнкі, прыляцеў зь Літвы і ўпаў у Горадні
Дрон, які паводле прапаганды Лукашэнкі, прыляцеў зь Літвы і ўпаў у Горадні

Акрамя таго, Літва заклікала Эўракамісію падтрымаць новыя санкцыі для Рэспублікі Беларусь за запуск мэтэазондаў на тэрыторыю Літвы.

Дарадца прэзыдэнта Літвы ў пытаньні нацыянальнай бясьпекі Марус Чэснулявічус кажа, што ў яго няма дакладнай інфармацыі пра здарэньне з дронам, які нібыта прыляцеў зь Літвы ў Беларусь і скінуў там бел-чырвона-белыя нацыянальныя беларускія сьцягі.

Дарадца сказаў, што прапаганда ў Беларусі магла выдумаць гэтую гісторыю, але ня выключыў магчымасьці таго, што адправіць такі дрон зь Літвы сапраўды маглі актывісты.

«Я пакуль не магу даць дакладнай інфармацыі, магчымыя некалькі варыянтаў разьвіцьця падзей. Згодна з гэтай народнай вэрсіяй, якую мы апісалі — „сам сябе б’е, сам крычыць“, гэта можа быць правакацыяй, зладжанай імі самімі. Можа быць, нейкія актывісты, гэтага таксама нельга выключаць», — сказаў Чэснулявічус радыёстанцыі Ziniu radijas, піша BNS.

Дарадца адзначыў, што патрэбнае дэталёвае расьсьледаваньне.

Раней Беларусь выклікала часовага паверанага ў справах Літвы, каб заявіць пратэст у сувязі з тым, што ў паветраную прастору краіны 30 лістапада нібыта ўварваўся запушчаны зь Літвы дрон.

Паводле даных Менску, расьсьледаваньне абломкаў дрону паказала, што маршрут бесьпілётніка, вырабленага ў Заходняй Эўропе, «уключаў пралёт над тэрыторыяй Беларусі, пералёт у Польшчу і вяртаньне тым самым маршрутам да пункту ўзьлёту на тэрыторыі Літвы».

Літва заклікае Эўразьвяз выпрацаваць больш эфэктыўную палітыку адносна Беларусі

У лісьце эўрапейскаму камісару ўнутраных справаў і міграцыі літоўскі міністар унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч заклікаў ЭЗ падтрымаць санкцыі супраць арганізатараў гібрыднай атакі ў Беларусі. Пра гэта піша BNS.

Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, міністар заклікаў сябра Эўрапейскай камісіі Магнуса Брунэра падтрымаць новы пакет санкцый супраць беларускіх службовых асоб і ведамстваў, адказных за «гібрыдную апэрацыю» з запускамі паветраных шароў з кантрабандай у Літву, што стварае перашкоды для грамадзян.

У лісьце таксама падкрэсьліваецца, што Літва чакае заканатворчай прапановы Эўрапейскага зьвязу аб пераглядзе мандату агенцтва Frontex. Паводле Кандратовіча, трэба стварыць умовы для таго, каб Frontex мог больш эфэктыўна дапамагаць дзяржавам-сябрам у кіраваньні гібрыднымі пагрозамі, і даць агенцтву новыя інавацыйныя інструмэнты, прыстасаваныя да зьменлівых акалічнасьцяў у галіне бясьпекі.

Кандратовіч таксама падкрэсьліў патрэбу стварыць інструмэнты рэагаваньня Эўразьвязу для разьвязаньня гэтай праблемы.

Міністар заклікае ЭЗ неадкладна прыняць захады ў сувязі з нядаўняй актывізацыяй гібрыдных атак зь Беларусі, якая суправаджаецца сістэматычным парушэннем паветранай прасторы Літвы. Кандратовіч адзначае, што гібрыдная атака на Літву і, адпаведна, на тэрыторыю ЭЗ, адбываецца з 2020 году.

Паводле зьвестак МУС Літвы, сёлета ў паветраную прастору дзяржавы праніклі 599 кантрабандавых паветраных шароў і 197 бесьпілётнікаў. Гэтыя атакі парушылі 320 рэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў краіны. Палёты паветраных шароў зь Беларусі ўжо некалькі разоў уплывалі на працу Віленскага і Ковенскага лётнішчаў у апошнія месяцы.

Пасьля таго як Вільня на некалькі тыдняў абмежавала дзейнасьць памежных пераходаў зь Беларусьсю, а Менск адмовіўся выпускаць у Літву грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG