Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня можа ляцець тысячу кілямэтраў» Што вядома пра дрон, які, з словаў беларускіх сілавікоў, прыляцеў у Горадню зь Літвы


Дрон, які, як сьцьвярджаюць афіцыйныя беларускія СМІ, быў знойдзены 1 сьнежня ў Горадні.
Дрон, які, як сьцьвярджаюць афіцыйныя беларускія СМІ, быў знойдзены 1 сьнежня ў Горадні.

1 сьнежня беларускія сілавікі заявілі пра прылёт дрона зь Літвы ў Горадню. Прадстаўнікі ўладаў Беларусі сьцьвярджаюць, што маршрут дрона ішоў з Літвы ў Польшчу, потым назад у Беларусь і ў Літву. Свабода сабрала ўсё, што вядома пра гэты выпадак.

1 сьнежня МУС Беларусі ў сваім тэлеграм-канале паведаміла пра дрон, які ўпаў у Горадні. Нібыта гэта адбылося 30 лістапада.

«Спэцыялістамі прааналізаваная інфармацыя бартавой апаратуры, вызначаны маршрут палёту. Пунктам запуску стала вёска Капчамесьціс у Лазьдзейскім раёне Аліцкага павету Літоўскай Рэспублікі. Лётны апарат мусіў пакінуць тэрыторыю Беларусі праз Польшчу», — паведамілі ў беларускім МУС.

Міністэрства ўдакладніла, што дрон мае фота- і відэакамэру «з магчымасьцю збору выведных зьвестак, а яшчэ ён зьдзейсьніў на тэрыторыі Беларусі „скід друкаванай прадукцыі экстрэмісцкай скіраванасьці“».

Пасьля на тэлеканале «Першы інфармацыйны» паказалі сюжэт, прысьвечаны гэтаму дрону, назвалі ягоныя парамэтры: даўжыня 91 см, вышыня 30 см, шырыня 8,5 см, размах крылаў 1,5 м. Дрон меў навігацыйнае абсталяваньне, відэакамэру і дзьве карты памяці на 32 гігабайты, сказалі ў тэлесюжэце.

На відэа паказалі таблічку на крылах дрона з пазнакай R250204, на лопасьцях — надпісы aero-naut camZcarbon і адрас сайту aero-naut.de.

Як паведамляе тэлеканал, расшыфроўка дадзеных паказала, што палёт доўжыўся 2 гадзіны 42 хвіліны. Дрон быў запушчаны каля мястэчка Капчамесьціс (Капцёва) у Літве, павінен быў праляцець над Горадняй, пераляцець у Польшчу, разьвярнуцца над горадам Быдгашч і тым жа маршрутам вярнуцца назад у Літву.

МЗС Літвы
МЗС Літвы

З гэтай нагоды Міністэрства замежных справаў Беларусі абвінаваціла Літву ў парушэньні паветранай прасторы краіны.

У МЗС Літвы ў адказ заявілі, што «гэта няўдалая спроба прыкрыць сваю ўласную зламысную дзейнасьць». З такой заявай 1 сьнежня выступіла Крысьціна Белікава, прэс-сакратар міністра замежных справаў Літвы Кястуціса Будрыса.

«Мы заклікаем як мага хутчэй прыняць усе ўжо ня раз згаданыя меры для ўрэгуляваньня сытуацыі — спыніць гібрыдныя атакі на дзяржавы ЭЗ, забясьпечыць належны кантроль над сваёй тэрыторыяй і паветранай прасторай, а таксама вярнуць літоўскім грамадзянам і кампаніям належную ім маёмасьць, незаконна адабраную ўладамі Беларусі», — падкрэсьліла Белікава.

Што гэта за дрон

На сайце, адрас якога нібыта пазначаны на лопасьцях дрона, сапраўды можна набыць розныя віды аматарскіх бесьпілётнікаў. У асноўным гэта плянэры, а таксама міні-копіі самалётаў Cessna. Там жа прадаюць мадэлі караблёў на дыстанцыйным кіраваньні. Мадэляў, падобных да дрона, які пасьля паказалі ў сюжэце беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, на гэтым сайце няма. Пазнака на крыле R250204 таксама не вядзе да ніякай інфармацыі пра БПЛА.

Як расказалі Свабодзе экспэрты, знаёмыя з сучаснымі магчымасьцямі БПЛА, падобны дрон ня можа праляцець такую вялікую адлегласьць: ад Капцёва да Горадні, а пасьля да Быдгашчы і назад каля 1000 кілямэтраў. Для дрона падобнай мадэлі гэта недасяжна.

Дрон на фота, якое паказалі беларускія сілавікі, падобны да мадэлі Hornet XR літоўскай кампаніі Granta Autonomy.

«Напісаць можна што заўгодна, для такого тыпу дронаў „разварот над Быдгашчу“ недасяжны. Але ў тым раёне, дзе ўсё адбывалася, маршрут

Літва — Горадня — Польшча — Літва — абсалютна рэальная выведная місія для такога тыпу дронаў», — паведаміў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці адзін з экспэртаў.

Дырэктар кампаніі — вытворцы Hornet XR Гедзімінас Гуоба ў камэнтары Delfi адзначыў, што дрон сапраўды нагадвае іхную мадэль, але «пераробленую».

Парэшткі расейска-іранскага дрона, знойдзеныя на месцы атакі ў Кіеве, архіўнае фота
Парэшткі расейска-іранскага дрона, знойдзеныя на месцы атакі ў Кіеве, архіўнае фота

Ён ня выключыў вэрсію з правакацыяй, бо шмат такіх дронаў пастаўляліся ва Ўкраіну, а Расея ў вайне іх перахоплівала.

Літоўскі вайсковы экспэрт Дарус Антанайціс у размове з Свабодай зьвярнуў увагу, што на дроне заўважныя сьляды ад шрапнэлі. Гэта значыць, ён ужо раней мог быць зьбіты і паўторна выкарыстаны.

«Гэты дрон падобны на літоўскі, але некалькі сотняў такіх дронаў былі перададзеныя Ўкраіне летась. Вельмі імаверна, што гэтыя дроны маглі трапіць у рукі расейцаў. На відэа і фота бачныя дзіркі ад шрапнэлі, значыць, дрон быў зьбіты. Таксама ён перароблены. Адна з вэрсіяў — што ён прыйшоў з Расеі. Гэта маленькі дрон, ён ня можа ляцець тысячу кілямэтраў, скідваць нейкія паперы. Людзей можна падмануць, а фізыку — не», — разважае Дарус Антанайціс.

Улады Літвы абвінавачваюць Беларусь у патураньні запускам паветраных балёнаў, якія перашкаджаюць працы Віленскага аэрапорту, і ў незаконным блякаваньні грузавікоў.

У тэлефоннай размове з кіраўніцай дыпляматычнага ведамства Эўрапейскага Зьвязу Каяй Калас 1 сьнежня міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс заклікаў не дазволіць Беларусі пазбавіцца санкцыяў.

У канцы кастрычніка Літва падала ў Эўракамісію прапановы аб уключэньні дадатковага крытэру — гібрыдная атака — у рэжым санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі. Літва таксама прапануе ЭЗ увесьці дадатковыя сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG