Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праслухоўвалі Ўшакова, Уіткафа і Дзьмітрыева. Што вядома з размоваў і як адрэагаваў Трамп


Дональд Трамп і яго спэцыяльны пасланьнік Стыў Уіткаф. Архіўнае фота
Дональд Трамп і яго спэцыяльны пасланьнік Стыў Уіткаф. Архіўнае фота

Сьцісла

  • Bloomberg апублікаваў транскрыпт праслухоўваньня размоваў памочніка Пуціна Ўшакова, спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Ўіткафа і спэцыяльнага прадстаўніка Пуціна Дзьмітрыева
  • З гэтых размоваў вынікае, што «мірны плян» стасоўна Ўкраіны, які прасоўвала і прадставіла Кіеву адміністрацыя Трампа, каардынаваўся ў Крамлі, а Ўіткаф даваў расейскім чыноўнікам парады, як размаўляць з прэзыдэнтам ЗША
  • Дзьмітрыеў назваў транскрыпт «фэйкам»; Ушакоў заявіў, што «ня ведае», адкуль узяўся запіс
  • Трамп заявіў, што мэтады, выкарыстаныя Ўіткафам, — «звычайная практыка перамоваў»

«Настоящее время» апублікавала хроніку і аналіз размоваў высокіх службоўцаў ЗША, адказных за перамовы па Ўкраіне, зьмест якіх стаў вядомы мэдыя.

Bloomberg апублікаваў запіс падслуханых размоваў памочніка Пуціна Юрыя Ўшакова, спэцыяльнага прадстаўніка Трампа Стыва Ўіткафа і спэцыяльнага прадстаўніка Пуціна Кірыла Дзьмітрыева. Зь іх вынікае, што «мірны плян» стасоўна Ўкраіны, які прасоўвала і прадставіла Кіеву адміністрацыя Трампа, каардынаваўся ў Крамлі, а Ўіткаф даваў расейскім чыноўнікам парады, як размаўляць з прэзыдэнтам ЗША, піша «Настоящее время».

Агенцтва Bloomberg апублікавала расшыфроўку дзьвюх тэлефонных размоваў. Першая размова адбылася паміж дарадцам расейскага прэзыдэнта ў замежнай палітыцы Юрыем Ушаковым і пасланьнікам Трампа Стывам Уіткафам, як мяркуецца, у кастрычніку 2025 году. У ёй Уіткаф абмяркоўвае з Ушаковым, як менавіта Пуціну варта размаўляць з Трампам, каб узмацніць перамоўную пазыцыю Расеі і паказаць прэзыдэнту ЗША, што Расея хоча мірнай дамовы.

Другая размова адбылася паміж Ушаковым і спэцыяльным прадстаўніком Пуціна ў супрацы з замежнымі краінамі Кірылам Дзьмітрыевым. Дзьмітрыеў кажа аб прапанове «мірнага пляну» наконт Украіны, які затым прадставілі Кіеву: «Я думаю, што яны (ЗША) не зусім нашу вэрсію возьмуць, але прынамсі максымальна блізка да яе». Удзельнікам абедзьвюх размоваў быў Ушакоў, гэта можа сьведчыць, што праслухоўвалі менавіта яго. Але хто менавіта гэта рабіў і ад каго атрыманыя запісы, Bloomberg не раскрывае.


Юрый Ушакоў з Уладзімірам Пуціным. Архіўнае фота
Юрый Ушакоў з Уладзімірам Пуціным. Архіўнае фота

Журналісты спыталі Дональда Трампа аб праслухоўваньні і аб тым, ці нармальны мэтад вядзеньня перамоваў, калі прапановы аднаго з бакоў выдаюцца за «скансалідаваную» пазыцыю арбітра ў гэтых перамовах. Трамп у адказ заявіў:

«Гэта звычайная рэч. Ён (Уіткаф) павінен прадаць гэта Ўкраіне, а затым „прадаць“ (прапановы) Украіны Расеі. Так робіць той, хто ўмее заключаць угоды. Вам трэба сказаць: „Слухайце, яны хочуць вось гэтага, вам трэба іх пераканаць“. Гэта звычайная практыка перамоваў. Я сам гэтага ня чуў, але чуў, што гэта было прапанавана і Ўкраіне, бо кожны бок павінен нешта аддаць, нешта атрымаць».

Ушакоў заявіў, што «ня ведае», адкуль зьявілася інфармацыя аб тэлефонных размовах РФ і ЗША, але заўважыў у размове з «крамлёўскім» рэпартэрам:

«Яны (адносіны РФ і ЗША) зараз выстройваюцца, выстройваюцца цяжка. Выстройваюцца шляхам такога роду кантактаў, у тым ліку праз тэлефон».

А «зьлівы» праслухоўваньня, паводле Ўшакова, робяцца, каб перашкодзіць выбудоўваньню гэтых адносінаў.

Дзьмітрыеў, якога цытуе расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС, назваў запіс сваёй размовы з Ушаковым «фэйкам». Пазьней ён апублікаваў выяву з Трампам і подпісам «Trust the plan», а таксама разьмясьціў твіт дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё з намёкам на тое, што той нібыта назваў гісторыю з праслухоўваньнем «фэйкам». Насамрэч допіс Рубіё тычыўся зусім не праслухоўваньня, а іншай гісторыі, зьвязанай з перамовамі: пра нібыта рознагалосьсі ў адміністрацыі Трампа з гэтай нагоды, пра што расказала выданьне Politico.

Што мы даведаліся з запісу размовы Ўіткафа і Ўшакова

Уіткаф, як вынікае з матэрыялу Bloomberg, даваў дарадцу Пуціна ў замежнай палітыцы парады, як Крамлю лепш падаць свае прапановы наконт «мірнай дамовы» Дональду Трампу. Выданьне мяркуе, што тэлефонная размова Ўіткафа і Ўшакова была 14 кастрычніка: прадстаўнікі Трампа і Пуціна размаўлялі крыху больш за 5 хвілін у сяброўскім тоне. Пры гэтым менавіта Ўіткаф рэкамэндуе, каб Пуцін патэлефанаваў Дональду Трампу напярэдадні візыту ў Белы дом прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага:

«Зяленскі прыедзе ў Белы дом у пятніцу. Я пайду на гэтую сустрэчу, бо яны хочуць, каб я быў там, але думаю, што, калі магчыма, мы павінны паразмаўляць з вашым босам перад гэтай пятнічнай сустрэчай», — прыводзіць выданьне словы Ўіткафа.

Тэлефонная размова Трампа і Пуціна сапраўды адбылася 16 кастрычніка, гэта значыць праз два дні пасьля размовы Ўіткафа і Ўшакова.

Сустрэчу Зяленскага і Трампа на наступны дзень пасьля гэтага экспэрты ацэньваюць як няўдалую. У размове спэцыяльны пасланьнік Трампа яшчэ заявіў, што ён «глыбока паважае Пуціна», а Трампу сказаў, што, на яго думку, Расея заўсёды хацела мірнага пагадненьня аб Украіны.

Таксама Ўіткаф папрасіў Ушакова перадаць Пуціну рэкамэндацыю, каб той у размове з Трампам павіншаваў прэзыдэнта ЗША з дасягненьнем мірнай дамовы ў пытаньні Газы, заключанай напярэдадні размовы. Уіткаф праз Ушакова параіў Пуціну сказаць пра падтрымку Расеяй гэтага пагадненьня і пра тое, што ён паважае прэзыдэнта ЗША як «чалавека міру».

«Я б патэлефанаваў, каб проста нагадаць, што вы віншуеце прэзыдэнта з гэтым дасягненьнем, што вы яго падтрымлівалі, што вы паважаеце яго як чалавека міру і што вы радыя вынікам яго працы. Вось я б так падышоў да гэтага. Мне здаецца, гэта будзе вельмі добры званок, — кажа Ўіткаф. — Таму што... давай я табе скажу. Расейская Фэдэрацыя заўсёды хацела мірнага пагадненьня. Я ў гэта веру. Я сказаў прэзыдэнту, што я ў гэта веру».

Уіткаф таксама кажа:

«Паміж намі: я ведаю, што трэба для заключэньня мірнага пагадненьня: Данецк і, магчыма, абмен тэрыторыямі недзе яшчэ. Але я кажу замест таго, каб гаварыць у такім ключы: давай гаварыць з большай надзеяй, бо, я думаю, мы прыйдзем да пагадненьня. І я думаю, Юрый, прэзыдэнт дасьць мне шмат паўнамоцтваў, каб заключыць пагадненьне».

Ушакоў з свайго боку кажа Ўіткафу:

«Ты зрабіў выдатную працу. Проста выдатную працу. Дзякуй табе вялікі. Дзякуй, дзякуй!».

Што мы даведаліся з размовы Ўшакова і Дзьмітрыева

Размова паміж Кірылам Дзьмітрыевым і Юрыем Ушаковым, паводле Bloomberg, адбылася 29 кастрычніка, непасрэдна перад публікацыяй «мірнага пляну» ў пытаньні Ўкраіны з 28 пунктаў. Першая вэрсія «пляну» выклікала вельмі нэгатыўную рэакцыю ў Кіеве і ў Эўропе: экспэрты адзначалі, што дакумэнт выяўляе вылучна пазыцыю Расеі і ўключае патрабаваньні Крамля, якія ня маюць ніякага дачыненьня да вайны ва Ўкраіне, але павінны аслабіць NATO.

У гутарцы Дзьмітрыеў сказаў Ушакову:

«Мне здаецца, вось гэтую паперу проста мы зробім як бы ў нашай пазыцыі і я проста нефармальна перадам, што ўсё гэта нефармальна. А яны няхай робяць як сваю. Але я думаю, што яны не зусім нашу вэрсію возьмуць, але прынамсі максымальна блізка да яе».

Ушакоў у адказ кажа, што «яны могуць потым перайначыць», наўпрост не называючы ЗША, на што Дзьмітрыеў запэўніў яго, што ўсё зробяць «акуратненька».

«І потым вы таксама можаце з Стывам пагаварыць аб гэтай паперы», — дадаў Дзьмітрыеў.


Кірыл Дзьмітрыеў з Уладзімірам Пуціным. Архіўнае фота
Кірыл Дзьмітрыеў з Уладзімірам Пуціным. Архіўнае фота

Нягледзячы на скандал з праслухоўваньнем, Трамп, імаверна, не зьбіраецца адмаўляцца ад паслуг Уіткафа як галоўнага перамоўніка аб мірным пагадненьні з Украінай. Перад тым, як тэкст праслухоўваньня быў апублікаваны, прэзыдэнт ЗША заявіў, што даручыў Уіткафу сустрэцца з прэзыдэнтам Пуціным у Маскве, і ня выключыў, што ягоны зяць Джарэд Кушнер таксама можа адправіцца ў Расею разам зь ягоным спэцыяльным пасланьнікам.

Ушакоў раніцай 26 лістапада пацьвердзіў, што гэтая сустрэча адбудзецца на наступным тыдні.

«Стыў Уіткаф, магчыма, паедзе разам з Джарэдам. Я ня ўпэўнены, што Джарэд паедзе, але ён удзельнічае ў працэсе [урэгуляваньня], ён разумны хлопец, і яны сустрэнуцца з прэзыдэнтам Пуціным, думаю, на наступным тыдні ў Маскве», — сказаў Трамп журналістам на борце Air Force One.

Трамп таксама падкрэсьліў у сацыяльнай сетцы Truth, што за апошні тыдзень на перамовах па Ўкраіне быў дасягнуты «велізарны прагрэс».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG