З пачатку поўнамаштабнай вайны і да апошніх тыдняў хуткія цягнікі хадзілі з Кіева ў Краматорск. Цяпер жа цягнік да Краматорску не даходзіць. Гэтую навіну жыхары Данецкай вобласьці ўспрынялі з сумам.
Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» паразмаўлялі з пасажырамі цягніка.
За апошнія некалькі дзён расклад цягніка паміж Кіевам і ўсходам Украіны некалькі разоў мяняўся. Цяпер крайні ўсходні пункт на мапе пасажырскіх чыгуначных маршрутаў — невялікае мястэчка ў Харкаўскай вобласьці. Людзей з суседняй Данецкай вобласьці туды перавозяць аўтобусы.
Яшчэ нядаўна гэты цягнік ішоў да Краматорску.
«Вельмі сумна. Ты ж разумееш: добра, маршрут скарацілі, але і нас скарачаюць. Скарачаецца жыцьцё ў Краматорску», — кажа Алена.
Алена — псыхоляг і пэдагог. У Краматорску ў бамбасховішчы яна далей працуе зь дзецьмі, якія засталіся, дапамагаючы ім перажыць стрэсы вайны. Цяпер яна едзе ў Кіеў, дзе жывуць яе муж і дачка.
«Мы верым. Але вера пачала крыху прасядаць. Я і бацькам кажу: «У нас хлопцы займаюцца эвакуацыяй, давайце не прывязвацца да дамоў, галоўнае — дзеткі і жыцьцё. І калі што, дык давайце ехаць далей», — кажа яна.
У вагонах шмат вайскоўцаў. Яны кажуць, што рашэньне скараціць маршрут успрынялі з сумам.
«Зважаючы на тое, што ідзе вайна, мы прывыклі да якіх-кольвек нечаканых зьменаў. Я згодны, што Краматорск ужо не для гасьцей. На жаль», — кажа адзін з іх.
Вайскоўцы і іхныя сем’і — тыя, хто апошнімі гадамі задаюць настрой гэтаму маршруту. Сёньня ў гэтых вагонах няма весялосьці:
«Фронт адступае. Гэта не сакрэтная інфармацыя. Усе мусяць гэта разумець».
«FPV-дроны ўжо далятаюць да Краматорску і Славянску. Ня ведаю, як будзе выглядаць абарона Славянску і Краматорску. Ня бачу ніякіх рашэньняў, якія могуць нешта зьмяніць, нешта палепшыць. Я бачу, як крадуць грошы, прыкрываючыся вялікімі мэтамі».
Ёсьць яшчэ адна дэталь. Цяпер вайскоўцаў і іншых пасажыраў вязе ня хуткі Hyundai, як раней, а звычайны дызэль. Пасажыраў загадзя папярэдзілі, што камфортныя ўмовы будуць толькі пасьля перасадкі ў Палтаве — больш чым празь дзьве сотні кілямэтраў. Празь некалькі гадзін шляху цягнік зрабіў прыпынак. На перасадку — лічаныя хвіліны. За некалькі хвілін пасажыры пераселі з аднаго цягніка на іншы.
«Данеччына ўкраінская была, ёсьць і будзе, пакуль ёсьць мы, людзі, якія застаюцца там і ствараюць. І нават калі мы зьедзем, мы ўсё роўна панясем з сабой часьцінку Данецкага краю», — кажа адна з пасажырак.
Лягістыка зь перасадкай — вымушаная мера, кажа галоўны праваднік рэйсу. Абстрэлы пашкодзілі энэргетычную інфраструктуру рэгіёну, таму электрацягнік увесь шлях праехаць ня можа.
«Спадзяюся, гэта часова. Хочацца верыць. Мы спадзяемся на лепшае. Ня можа ж быць, што ўвесь час людзі ў такім прыгнечаным стане будуць. Так доўга немагчыма трымацца», — адзначае праваднік Віктар Краўцоў.
Ужо бліжэй да ночы цягнік пад сырэну паветранай трывогі заяжджае ва ўкраінскую сталіцу. Пасажыры стомлена зьбіраюць рэчы — трэба пасьпець да камэнданцкай гадзіны.