У выніку дзеяньняў расейскай арміі падчас поўнамаштабнай вайны, паводле афіцыйных зьвестак, з 24 лютага 2022 году загінула больш за 600 украінскіх дзяцей. Тысячы дзяцей атрымалі раненьні. Расея ўжыла таксама генацыдную практыку — выкраданьне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей для зьмены іхнай ідэнтычнасьці. Нягледзячы на намаганьні Ўкраіны і нястомнае ўздыманьне гэтай тэмы на міжнародных пляцоўках, з амаль 20 тысяч выкрадзеных Расеяй падчас вайны дзяцей удалося вярнуць толькі каля 2 тысяч.
Украінскія дзеці і вайна Расеі супраць Украіны (фотарэпартаж)
1
Жанчына абдымае дзіця, хаваючыся ад абстрэлаў на станцыі мэтро «Галасееўская», Кіеў, 24 лютага 2022 году. Першыя гадзіны поўнамаштабнага ўварваньня: адны людзі яшчэ звыкла едуць у мэтро па справах, а іншыя ўжо сьпяшаюцца з валізамі выехаць з гораду
2
Людзі, несучы на руках дзяцей, пераходзяць раку па драўлянай кладцы пад падарваным мостам на мяжы паміж Ірпенем і жылым масівам Раманаўка. Сакавік 2022 году. Да 2022 году, паводле зьвестак Управы вярхоўнага камісара Арганізацыі абʼяднаных нацыяў па правах чалавека і ўкраінскіх праваахоўнікаў, у выніку баявых дзеяньняў загінулі 152 дзіцяці, 146 былі параненыя
3
Дзяўчынка дае пакунак зь яблыкамі ўкраінскаму вайскоўцу ў горадзе Бахмач Чарнігаўскай вобласьці. Вызваленьне Чарнігаўшчыны ад расейскіх войскаў. Красавік 2022 году
4
Людзі гатуюць ежу на адкрытым агні, пасёлак Новалуганскае, чэрвень 2022 году. З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня колькасьць ахвяр рэзка ўзрасла: зь лютага 2022-га да лістапада 2025 году Расея забіла 668 украінскіх дзяцей, а параніла – 2253
5
Хлопчык глядзіць на тое, што засталося ад ягонай школы, якую зруйнаваў авіяўдар расейскай арміі. Уся трава вакол засыпаная раскіданымі выбухам сшыткамі і кніжкамі. Бахмут, Данецкая вобласьць, чэрвень 2022 году. За час расейскай узброенай агрэсіі ва Ўкраіне цалкам зьнішчана больш за 400 школ, а кожная сёмая школа зазнала пашкоджаньні
6
Яшчэ з 2014 году дзеці ва Ўкраіне гулялі ў блёкпасты – імітуючы апорныя пункты блакаваньня шляхоў для варожых сіл. Дзіцячы «блёкпост» у сяле Шаўчэнка Данецкай вобласьці (цяпер сяло на часова акупаванай тэрыторыі), непадалёк ад Пакроўску, жнівень 2022 году
7
Хлопчык, ахінуты ўкраінскім сьцягам, стаіць непадалёк ад зруйнаванага Антонаўскага моста ў першыя дні вызваленьня Хэрсона ад расейскіх войскаў. Лістапад 2022 году
8
11-гадовая Сафійка абдымае сваю марскую сьвінку Пэпу падчас эвакуацыі зь сяла Макіеўка, Луганская вобласьць, лістапад 2022 году
9
У Міхайлаўскім Залатаверхім саборы Кіева адбылося разьвітаньне з галоўным сяржантам 68-й асобнай егерскай брыгады Узброеных сілаў Украіны Антонам Усоўскім. Падчас разьвітаньня бацькавы ўзнагароды ўручылі ягонаму сыну. Кіеў, жнівень 2023 году
10
Вайсковец абдымае сына каля народнага мэмарыяла зь сьцяжкамі на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Красавік 2025 году
11
Эвакуацыя дзяцей з шпіталя «Ахматдыт» у Кіеве пасьля ракетнага ўдару Расеі. Ліпень 2024 году
12
Эвакуацыя цывільнага насельніцтва з Данецкай вобласьці, чыгуначны вакзал Пакроўску, жнівень 2024 году. З 24 лютага 2022 году амаль 6,5 мільёна ўкраінцаў, большасьць зь якіх жанчыны і дзеці, сталі ўцекачамі ў замежных дзяржавах. Яшчэ 4,9 мільёна, сярод іх амаль мільён дзяцей, сталі перамешчанымі асобамі ўнутры Ўкраіны. І да сёньня дзяржаўныя і валянтэрскія эвакуацыйныя групы працягваюць эвакуаваць дзяцей зь небясьпечных раёнаў, бо Расея працягвае наступ, руйнуючы гарады і вёскі
13
Акцыя сваякоў палонных на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Студзень 2025 году
14
Хлопчык стаіць на зьнішчанай расейскай ваеннай тэхніцы, выстаўленай на Міхайлаўскай плошчы ў Кіеве. Студзень 2025 году
15
Дзеці сярод тых, хто разьвітваецца на майдане Незалежнасьці з вайскоўцам Канстанцінам Ягошыным з пазыўным «Кот». Ён быў пілётам БПЛА ў 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе імя Чорных Запарожцаў. Яму было 23 гады. Чэрвень 2025 году
16
Ратавальнікі падымаюць цела 11-гадовай Марыйкі, якая загінула ў сваёй кватэры ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу Кіеву. Чэрвень 2025 году
17
Юныя валянтэры – жыхары Саламянскага раёна Кіеву – далучыліся да разбору завалаў дому, па якім нанесла ўдар расейская армія. Чэрвень 2025 году
18
28 ліпеня ва Ўкраіне – Дзень памяці загінулых у палоне абаронцаў і абаронцаў Украіны, удзельнікаў добраахвотніцкіх фармаваньняў і цывільных асоб, якіх пакаралі сьмерцю ці закатавалі ў палоне. Акцыя памяці на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Ліпень 2025 году
19
Вэтэран на вазку зь дзяўчынкай на руках побач з народным мэмарыялам на майдане Незалежнасьці ў Кіеве. Ліпень 2025 году
20
Дзеці, абняўшыся, глядзяць на народны сьцяжковы мэмарыял на мў айдане Незалежнасьці ў Кіеве. Ліпень 2025 году
21
Дзіця ў кіеўскім мэтрапалітэне падчас масаванай расейскай ракетнай атакі. Ліпень 2025 году. Падчас паветраных трывог мэтро ператвараецца ў схоў для тысяч людзей. Паколькі расейская армія мэтанакіравана начамі атакуе ўкраінскую сталіцу, то кіяўляне цэлымі семʼямі сьпяць у мэтро на матрацах, накрыўшыся коўдрамі. Бяруць з сабой хатніх жывёл
22
Акцыя пратэсту ў Кіеве супраць законапраекту пра абмежаваньне паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры. Ліпень 2025 году
23
Бацька ўпершыню абдымае сына пасьля вяртаньня з расейскага палону. Жнівень 2025 году. Па абвінавачваньні ў дэпартацыі дзяцей Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт расейскага кіраўніка Ўладзіміра Пуціна і расейскай упаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Украіна разам зь міжнароднай сыстэмай правасудзьдзя працуе над прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці ўсіх арганізатараў і выканаўцаў, якія маюць дачыненьне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей
24
Дзеці, захутаныя ў коўдры, сядзяць разам з сваім сабачкам каля свайго дому, пашкоджанага ў выніку расейскай атакі. Жнівень 2025 году
25
Дзеці нясуць кветкі і цацкі да жылога пяціпавярховіка ў Кіеве, у які трапіла расейская ракета. Расейская атака забрала жыцьці больш за 20 жыхароў гэтага дому, у тым ліку чатырох дзяцей. Жнівень 2025 году
26
У Кіеве разьвіталіся з 24-гадовай Надзеяй і яе 2-гадовай дачкой Ангелінай, якія загінулі ў выніку расейскай атакі ў ноч на 28 жніўня. Жнівень 2025 году
27
Сьвяткаваньне дзіцячага дня народзінаў у Краматорску, за 16 кілямэтраў ад лініі баявога сутыкненьня
28
Дзіця стаіць у двары свайго дому, пашкоджанага ў выніку расейскага абстрэлу Кіеву. Кастрычнік 2025 году.Расея няспынна наносіць удары па цывільнай і энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны, ад якіх дзеці могуць загінуць, атрымаць раненьні, страціць бацькоў і родных, застацца безь цяпла і электраэнэргіі.Наступ расейскіх войскаў і бесьперапынныя абстрэлы прыфрантавых тэрыторый пазбаўляюць дзяцей усялякай магчымасьці жыць на сваёй зямлі і ў сваіх дамах, вучыцца і атрымліваць мэдычную дапамогу. Тыя ўкраінскія дзеці, якія трапілі пад расейскую акупацыю, жывуць ва ўмовах ідэалягічнага і псыхалягічнага ціску, гвалтоўнай зьмены ідэнтычнасьці, рызыкі стаць ахвярай гвалту акупантаў