Выйшла расьсьледаваньне аб праграме сачэньня за грамадзкімі дзеячамі. Яе закупляў і Менск

Ілюстрацыйнае фота

Журналісты з больш чым дзесяці выданьняў апублікавалі расьсьледаваньне пра кампанію First Wap і яе праграму Altamides для патаемнага сачэньня праз мабільныя тэлефоны.

Назва праграмы расшыфроўваецца як «Advanced Location Tracking and Mobile Information and Deception System» («Удасканаленая сыстэма адсочваньня месца знаходжаньня, мабільнай інфармацыі і падману»). Яна дазваляе сачыць за лякалізацыяй чалавека, аналізуе яго перамяшчэньні, перадае інфармацыю пра знаходжаньне паблізу тэлефонаў з такой праграмай.

З часам праграма навучылася перахопліваць званкі і паведамленьні, а таксама ўзломваць уліковыя запісы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, уключаючы WhatsApp, піша Devby.io.

First Wap заснаваў аўстрыйскі эмігрант Ёзэф Фукс у Інданэзіі ў 1999 годзе. Пра гэтую праграму журналісты Lighthouse Reports даведаліся дзякуючы архіву, які трапіў да іх летась і ў асноўным абыймаў пэрыяд 2007–2014 гадоў.

Altamides куплялі кліенты зь Беларусі, Інданэзіі, Малайзіі, Нігерыі, ААЭ, Саудаўскай Арабіі, Сынгапуру і Ўзбэкістану. Кампанія адмаўляе, што наўпрост «прапаноўвала ці прадавала» свае прадукты «рэпрэсіўным» рэжымам, але журналісты ўпэўненыя ў адваротным.

Пад прыцэл кліентаў кампаніі трапілі палітыкі, журналісты, зоркі й грамадзкія дзеячы ў сотні краінаў сьвету. Напрыклад, сярод цэляў Altamides была жонка экс-прэзыдэнта Сырыі Башара Асада Асма, эмір Катару шэйх Тамім бэн Хамад Аль Тані, актор Джарэд Лета і сузаснавальніца біятэхналягічнай кампаніі 23andMe Энн Вуйціцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан будуе «дзяржаву татальнага сачэньня». Ці будзе Кітай яе ўзорам?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаніі Sandvine, датычнай да блякаваньня інтэрнэту ў Беларусі ў 2020-м