У базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме служылі імшу па-беларуску для 500 пілігрымаў. ФОТА, ВІДЭА

Базыліка Сьвятога Пятра ў Рыме

22 кастрычніка ўпершыню за ўсю гісторыю для беларускіх каталікоў у ватыканскай базыліцы Сьвятога Пятра, пры яе цэнтральным алтары, была адслужана імша па-беларуску .

Імша адбылася з нагоды юбілейнага 2025 году, эўхарыстыю ўзначаліў архібіскуп Юзаф Станеўскі, піша Vaticannews.va.

22 кастрычніка 2025 году каля пяцісот вернікаў зь Беларусі, пераважна зь Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, зьдзейсьнілі пілігрымку да галоўнага храму Каталіцкага касьцёла ў Рыме.

Беларускія пілігрымы на імшы ў Саборы сьвятога Пятра

Урачыстая эўхарыстыя пачалася ў 15.00 пры алтары катэдры ў ватыканскай базыліцы. Яе ўзначаліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Юзаф Станеўскі.

Беларускія пілігрымы на імшы ў Саборы сьвятога Пятра

Разам зь ім імшу служылі каля дваццаці сьвятароў, якія суправаджалі групы пілігрымаў з розных парафіяў, у тым ліку зь Менску, Нясьвіжу, Вялейкі. Літургічны сьпеў выконваў хор вялейскай парафіі, вернікі якой таксама дапамаглі ў арганізацыі набажэнства.

Да вернікаў прамовіў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі, які адзначыў, што прысутнасьць беларусаў ля магілы сьвятога Пятра — гэта знак вернасьці і еднасьці з Паўсюдным Касьцёлам.

Беларускія пілігрымы на імшы ў Саборы сьвятога Пятра

Ён узгадаў пакутніка сьвятога Язафата Кунцэвіча, рэліквіі якога захоўваюцца ў ватыканскай базыліцы, і пакутнікаў ХХ стагодзьдзя. «Мы прыехалі з краіны, якая таксама вельмі шчодра палітая крывёю пакутнікаў за веру», — падкрэсьліў біскуп.

Беларускія пілігрымы на імшы ў Саборы сьвятога Пятра

Архібіскуп Юзаф Станеўскі на заканчэньне імшы падзякаваў усім пілігрымам за ўдзел у гэтай асаблівай малітве ў сэрцы Каталіцкага касьцёла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спатканьне на найвышэйшым узроўні». Што можа абмяркоўваць пасланьнік Ватыкану з уладамі Беларусі