Адмысловы пасланьнік папы Рымскага на ўрачыстасьцях 100-годзьдзя Пінскай дыяцэзіі кардынал Кляўдыё Гуджэроцьці 26 кастрычніка наведаў Юбілей моладзі ў Берасьці. У касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ён прамовіў катэхезу для моладзі, а пазьней — гамілію падчас сьвятой Імшы, піша katolik.life.
Ватыканскі ярарх пажадаў:
«Няхай Пан Бог, якому вас даручаю, апякуецца вамі, вас дабраслаўляе, дае сілу жыць надзеяй».
Ён папрасіў моладзь «занесьці дабраслаўленьне» ад імя папы Лява XIV усім, хто чакае падтрыманьня, суцяшэньня, надзеі:
«Ня толькі людзям, але таксама ўсёй краіне, якая не павінна адчуваць сябе ізаляванай, адкінутай, забытай усімі. Бог любіць усіх і жадае, каб усе жылі ў радасьці і шчасьці. Гэта таксама пажаданьне каталікоў усяго сьвету, скіраванае да вас».
Кардынал папрасіў маліцца за папу, за мір і згоду ўва ўсім сьвеце.
Што кардынал сказаў у гаміліі?
Гуджэроцьці заклікаў чыноўнікаў у Беларусі «дапамагаць народу разьвіваць ягоныя найлепшыя якасьці».
Пасланьнік папы зьвярнуўся з заклікам да ўсіх беларусаў і адзначыў: «служыць Богу — гэта тое, што павінна нас аб’яднаць».
Ён нагадаў пра каталіцкага сьвятога Андрэя Баболю, жорстка забітага казакамі, і папрасіў:
«Будзьма разам усе мы, якія ёсьць пасьлядоўнікамі і вучнямі Хрыста. Працуйма ж разам, каб Касьцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню».
Кардынал Гуджэроцьці выказаў надзею, што аднойчы папа наведае Беларусь.
Таксама ў гаміліі прадстаўнік Ватыкану згадаў Чырвоны касьцёл, зачынены ўжо тры гады.
«Я жыў непадалёк ад Чырвонага касьцёла [калі быў Апостальскім нунцыем у Беларусі], ведаю, што лепш ня згадваць гэтую назву, але я там жыў побач. І калі я праходзіў каля яго, заходзіў, заўсёды там былі людзі, якія маліліся ня толькі падчас Імшы, часта самі, адны, часта зь сьлязьмі на вачах. Гэтыя малітвы — як узьнятыя рукі Майсея, якія запэўніваюць добрую будучыню для гэтага народу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спатканьне на найвышэйшым узроўні». Што можа абмяркоўваць пасланьнік Ватыкану з уладамі Беларусі