Раці прапануе пазбавіць грамадзянства ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Марыю Карыну Мачада, кандыдата ад апазыцыі на леташніх выбарах прэзыдэнта Эдмунда Гансалеса і былога лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, а таксама прынамсі пяць журналістаў.
Зрабіць гэта Раці прапануе з прычыны іх «нелюбові да краіны». Таксама ён абвінавачвае Мачада і іншых апазыцыянэраў у супрацоўніцтве з замежнымі дзяржавамі, цытуе заявы палітыка Вloomberg. Раці ўжо падаў адпаведныя заяву аб пазбаўленьні гэтых людзей грамадзянства ў Вярхоўны суд Вэнэсуэлы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2025 году стала апазыцыйная лідэрка з ВэнэсуэлыВэнэсуэла закрыла амбасаду ў Нарвэгіі празь некалькі дзён пасьля прысуджэньня сёлета Нобэлеўскай прэміі міру апазыцыянэрцы Мачада.
Раці — прадпрымальнік і пастар Эвангеліцкай царквы. Ён некалькі разоў балятаваўся на выбарах у Вэнэсуэле як у парлямэнт, гэтак і на прэзыдэнцкіх выбарах 2018 і 2024 года. Ён блізкі паплечнік прэзыдэнта Мадуры.
Канстытуцыя Вэнэсуэлы абвяшчае, што вэнэсуэльцаў з нараджэньня нельга пазбавіць грамадзянства. Экспэрты ўжо параўналі прапановы Раці з палітыкай нікарагуанскага лідэра Даніеля Артэгі, які пазбаўляў грамадзянства апазыцыянэраў.
Мачада атрымала Нобэлеўскую прэмію ўвосень 2025 году — «за нястомную працу ў прасоўваньні дэмакратычных правоў народа Вэнэсуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі». Яна была кандыдаткай ад апазыцыі ў прэзыдэнты на выбарах 2024 году, але ўлады зьнялі яе з выбараў, пасьля чаго яе месца заняў Эдмунда Гансалес. Дзейны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура ў выніку тых выбараў зноў абвясьціў аб сваёй перамозе, але ААН, Эўрапарлямэнт і Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прызналі абраным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы менавіта Гансалеса.
За выключэньнем Мачада, большасьць асобаў у сьпісе Раці зараз жывуць у выгнаньні, уключаючы Гансалеса. Мачада знаходзіцца ў краіне, але хаваецца: улады Вэнэсуэлы забралі ў яе пашпарт.