«Ён выйшаў, сэрца не маўчала». На пікеце ў Вільні адбылася прэм’ера песьні ў гонар Рамана Бандарэнкі

На пікеце памяці Рамана Бандарэнкі. Вільня, 9 лістапада 2025 году

На плошчы Кудзіркі ў цэнтры Вільні беларускія грамадзкія дзеячы зладзілі пікет памяці менчука Рамана Бандарэнкі, які амаль 5 гадоў таму загінуў у Менску.

Удзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі пра Рамана Бандарэнку, пра ягоны мужны ўчынак нагадваў стэнд, да якога мінакі прывязвалі белыя і чырвоныя стужкі, каб ушанаваць памяць загінулага мужчыны ды выявіць салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі.

«Ён выйшаў, сэрца не маўчала» — словы зь песьні, якую напісала ўцякачка зь Беларусі Марыя Доўнар. Падчас пікету адбылася прэмьера гэтай песьні, прысьвечанай Раману Бандарэнку.

Марыя Доўнар

Сама Марыя Доўнар з Магілёву, цяпер жыве ў Вільні, працуе ў ІТ-сфэры, у вольны час піша вершы і прозу. У школьныя гады Марыя сьпявала і займалася музыкай, цяпер гэта дапамагло ёй з дапамогай штучнага інтэлекту напісаць музыку да песьні. Пасьля прэмьеры песьні Марыя патлумачыла Свабодзе, чым яе натхніў вобраз Рамана Бандарэнкі.

«Раман дакладна быў з тых, каму баліць за супольную справу. Ягоны апошні допіс у сацсетках — „Я выходжу“ — стаў і для мяне сымбалічным заклікам да змаганьня. Многія з нас перажылі падобнае. Прыкладам, я да ўцёкаў сюды жыла ў раёне Грушаўкі ў Менску і там сілавікі гэтак жа разбуралі нашы сымбалі, як было 5 год таму на „плошчы Перамен“. Але мы іх гэтак жа аднаўлялі і працягваем змагацца», — сказала Марыя. Жанчына верыць, што барацьба за дэмакратычную Беларусь будзе пераможнай.

Удзельніца пікету з партрэтам Рамна Бандарэнкі, які стаў адным з сымбаляў змаганьня беларусаў за свае нацыянальныя сымбалі і супраць дыктатуры Лукашэнкі

На пікеце

Мінакам раздавалі ўлёткі пра ўчынак Рамана Бандарэнкі

Удзельніцы акцыі памяці

Плякат, на якім гаворыцца, што Лукашэнка не прэзыдэнт, а забойца

Дызайнэру Раману Бандарэнку быў 31 год. Сілавікі зьбілі яго ў двары дома, калі ён зрабіў заўвагу тым, хто зразаў разьвешаныя ў двары белыя і чырвоныя стужкі. 12 лістапада 2020 году ў шпіталі ў Менску Раман Бандарэнка памёр.

Пікет да пяцігодзьдзя падзей на «плошчы Перамен» адбыўся сёньня таксама ў Варшаве. А на пікеце ў Вільні было абвешчана, што ўвечары 12 лістапада каля беларускай амбасады абудзецца акцыя памяці Рамана Бандарэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўмільёна рэпрэсаваныя, паўмільёна ў эміграцыі: уражальныя лічбы пра беларусаў пасьля 2020 году


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі. Фотагалерэя