За дзевяць месяцаў 2025 году ўжо 2400 беларусаў падалі дакумэнты на рэгістрацыю ІП у Польшчы

Ілюстьрацыйнае фота

Сярод іх ёсьць людзі з двума грамадзянствамі.

2,4 тыс. грамадзян Беларусі падалі дакумэнты на рэгістрацыю ІП у Польшчы ў студзені–верасьні 2025 году. Зь іх 302 чалавекі маюць два грамадзянствы — і беларускае, і польскае. Такія зьвесткі ад Міністэрства разьвіцьця і тэхналёгіяў прывёў партал Money.pl.

У параўнаньні зь мінулым годам тэмпы рэгістрацыі ўпалі. За той жа пэрыяд 2024 году беларусы падалі 2,6 тыс. заяваў (толькі тыя, хто ня мае іншага грамадзянства), заўважыў Мост.

Колькасьцю ІП, якія рэгіструюць у Польшчы іншаземцы, беларусы саступаюць толькі ўкраінцам. За 9 месяцаў дакумэнты на рэгістрацыю падалі 25,5 тыс. прадпрымальнікаў толькі з украінскім грамадзянствам і яшчэ 377 уладальнікаў і ўкраінскага, і польскага пашпартоў.

Агулам кожны сёмы ІП, які наноў рэгіструецца ў Польшчы — іншаземец. Усяго за тры кварталы ў Цэнтральны рэестар Польшчы паступіла 220,1 тыс. заяваў, у тым ліку 32,9 тыс. — ад замежных грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат Польшчы прыняў папраўку да Закону аб іншаземцах, гэта тычыцца й беларусаў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся зьвесткі аб удзеле беларусаў у малым бізнэсе ва Ўкраіне падчас вайны