На польскай мове выйшла анталёгія новай беларускай драмы

Анталёгія новай беларускай драмы, выдадзеная па-польску

У Варшаве ў Цэнтры беларускай салідарнасьці адбылася прэзэнтацыя анталёгіі новай беларускай драмы «Niekończący się sierpień» (Бясконцы жнівень), выдадзенай на польскай мове.

Кніга была надрукаваная дзякуючы Фонду «Za Wolność Waszą i Naszą» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы пад рэдакцыяй Ірыны Лапо і Генрыха Мазуркевіча.

У анталёгіі сабраныя творы пра падзеі 2020 году і наступствы гэтых падзей, піша Reform.

Ва ўступным слове выдавец адзначыў, што публікацыя анталёгіі мае вялікае значэньне як для беларусаў, так для і палякаў. Для беларусаў — гэта дакумэнтаваньне драматычных падзей найноўшай гісторыі і мастацкае выказваньне, якое дапамагае перапрацоўваць траўмы. Для польскай аўдыторыі — гэта шанец больш даведацца і глыбей зразумець сваіх беларускіх суседзяў.

Рэдактарка кнігі Ірына Лапо расказала пра зьмест анталёгіі. Тэатразнаўца паведаміла, што ў анталёгію увайшлі шэсьць сучасных беларускіх п’есаў, якія сьведчаць пра падзеі ў Беларусі за апошнія пяць гадоў.

«Назва анталёгіі інсьпіраваная п‘есай Sextilis (Дыялёгі жніўня), аўтар якой выступае пад псэўданімам, — расказала Ірына Лапо. — У п’есе апісаныя жнівеньскія падзеі аж да эміграцыі галоўных герояў, у час якіх сталая жанчына, якая іх праводзіць, разумее, што можа ніколі ня ўбачыць унукаў. Адсюль бясконцы жнівень. Далей ідзе п‘еса „Паўгады“, — дакумэнтальная драма падзей жніўня. Яна падпісаная Вікторыяй Коваль, насамрэч гэта Кася Чэкатоўская, якая цяпер можна адкрыць сваё імя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін беларускамоўны тэатар дадаў у рэпэртуар расейскамоўны спэктакль

На думку Лапо, п’еса Сяргея Гірыта «Мора Крысьціна» адказвае на пытаньні «А хто там па іншым баку? Пра што думаюць сілавікі?».

Наступны твор напісала паэтка Ганна Комар — з жаночай пэрспэктывы і з пэрспэктывы цела, якое рэагуе на гвалт — псыхічны і фізычны.

Дзеяньне п‘есы ананімнага аўтара «Шашлыкі» разгортваецца ў Беларусі на лецішчы. Сямейны канфлікт адбываецца на фоне вайны ва Ўкраіне. П‘еса апавядае пра ўнутраную эміграцыю, а таксама пра людзей, якія пагадзіліся з рэжымам, што падтрымлівае вайну.

Апошні твор — «Экстрымісты» Юліі Цімафеевай, паэткі, якая напісала п‘есу на дакумэнтальным матэрыяле, спалучыўшы ўласныя вершы зь перапіскай з братам, якія сядзеў у турме.

«Некаторыя рэаліі, даволі сымбалічныя, паўтараюцца ад п‘есы да п‘есы. Калісьці пра іх пісалі ў 2020 годзе ў Польшчы, але палякі ўжо ня памятаюць, што такое Акрэсьціна, Валадарка, „народны артыкул“ і таму падобныя рэчы. І таму мы зрабілі „Слоўнічак Бясконцага жніўня“, у якім сабралі ўсе гэтыя тэрміны і паспрабавалі іх патлумачыць. То-бок каб не рабіць спасылак у тэкстах, стварылі маленькую энцыкляпэдыю беларускага палітычнага жыцьця», — расказала Ірына Лапо.

Польскі тэатразнаўца і філёзаф Генрых Мазуркевіч напісаў уступ да анталёгіі, у якім расказаў пра гісторыю пратэстаў. Ірына Лапо стварыла заключны тэкст пра тэатральную сцэну як інструмэнт памяці. Адмыслоўцы прысьвяцілі падрыхтоўцы выданьня два гады, каб «процістаяць забыцьцю і зьнішчэньню гісторыі», — падкрэсьлівае Ірына Лапо і дадае, што гэтыя шэсьць п‘есаў прапануюць рознабаковы погляд на тое, пра што мы й самі пачалі забываць, таму, магчыма, варта было б падумаць і пра беларускае выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чытач Бахарэвіч: Часам здаецца, што жыцьцё пасьля дзяцінства — толькі рэха прачытаных кніг