Кіраўнік МЗС Літвы правёў сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША і спэцпасланьнікам па Беларусі. Што абмеркавалі

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс. Архіўнае фота

Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё абмеркаваў трансатлянтычную і рэгіянальную бясьпеку, важнасьць прысутнасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе, супольныя дзеяньні на гібрыдныя пагрозы, супрацу ў межах NATO.

Як адзначаецца на сайце МЗС Літвы, міністар падкрэсьліў, што амэрыканскія сілы ў Эўропе і Літве застаюцца незаменным інструмэнтам стрымліваньня расейскай агрэсіі.

Кястуціс Будрыс падзякаваў адміністрацыі ЗША за салідарнасьць зь Літвой і прынцыповую рэакцыю на парушэньні паветранай прасторы і эскаляцыю гібрыдных пагроз з боку расейскага і беларускага рэжымаў.

Паводле яго, аўтарытарныя рэжымы ў суседзтве з NATO працягваюць выпрабоўваць межы Альянсу, таму для прадухіленьня гэтага абсалютна неабходныя адзіны адказ і моцнае стрымліваньне. Міністар падкрэсьліў неабходнасьць таго, каб ЗША і Эўропа працягвалі каардынаваць дзеяньні па санкцыях супраць Расеі і Беларусі, каб стрымаць безадказныя паводзіны аўтарытарных рэжымаў.

Асобную сустрэчу Кястуціс Будрыс правёў з новапрызначаным спэцыяльным пасланьнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам.

«Нягледзячы на ўсе меры, прынятыя Літвой, і міжнародны ціск, беларускі рэжым працягвае гібрыдныя атакі супраць Літвы, тым самым ствараючы пагрозу для міжнароднай авіяцыйнай бясьпекі і павялічваючы напружанасьць у рэгіёне, таму асабліва важна ўзмацніць ціск на рэжым і яшчэ больш узмацніць санкцыі», — сказаў Кястуціс Будрыс.

Падчас сустрэчы міністар праінфармаваў Джона Коўла аб працяглых парушэньнях паветранай прасторы метэаралягічнымі балёнамі, а таксама аб працяглых патоках нелегальнай міграцыі і падкрэсьліў, што дзеяньні Беларусі зьяўляюцца наўмыснымі і варожымі. Будрыс падзякаваў Джону Коўлу за выказваньне салідарнасьці ЗША з Літвой у кантэксьце гібрыднай атакі Беларусі.

Бакі таксама абмеркавалі ролю Беларусі ў кантэксьце агрэсіі Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пашырае поле для манэўру Менску. Аналіз Валера Карбалевіча