36‑гадовага мазырскага блогера Максіма Шуканава затрымалі і асудзілі на чатыры гадоў калёніі паводле палітычных артыкулаў, піша «Наша ніва».
Шуканаў вёў ютуб-канал Union Bell, у якім аналізаваў палітычныя працэсы і вайну Расеі ва Ўкраіне. Вядома, што ён некалькі гадоў хаваўся ад дзяржаўных органаў.
Нават пасьля ўзмацненьня рэпрэсіяў Максім не выяжджаў з краіны. Разам з сваёй нявестай блогеркай Палінай Зыль ён перайшоў на падпольнае становішча. Пара пазьбягала кантактаў зь беларускай дзяржавай, аднак у лютым 2025 году ўрэшце давялося зьвярнуцца да мэдыкаў, бо ў Максіма пагоршылася здароўе, асабліва па арышце ягонага бацькі Ігара Шуканава. Максіма затрымалі. Арыштавалі і Паліну. Ёй прызначылі год калёніі за ўдзел у пратэстах (арт. 342 Крымінальнага кодэксу), аднак цяпер яна зноў у СІЗА паводле іншага абвінавачаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 7 лістапада: затрымалі заснавальніка музычнай школы Midi.byАсудзілі аднаго з братоў-палітвязьняў
У Менску 10 лістапада вынесьлі прысуд палітзьняволенаму Вадзіму Здаравеннаву — два гады пазбаўленьня волі, піша «Флагшток».
Яго абвінавацілі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі) за адзін камэнтар у інтэрнэце. Вадзіма затрымалі ў красавіку 2025 года — праз некалькі дзён пасьля затрыманьня на мяжы зь Літвой ягонага брата Алеся.
Алеся затрымалі ў канцы сакавіка на мяжы па вяртаньні ў Беларусь з заробкаў. Спачатку ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне і прызначылі арышт паводле адміністрацыйнага пратаколу. Затым Алеся ўзялі пад варту па крымінальным артыкуле. Яго працягваюць утрымліваць у СІЗА Горадні. Як паведамляў Флагшток, справай Алеся займаўся КДБ, у чым яго абвінавачваюць — дагэтуль невядома, суд нам ім не прызначаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 4 лістапада: інжынэра зь Берасьця асудзілі ў палітычнай крымінальнай справе