Белстат паведаміў, што спажывецкія цэны ў Беларусі за студзень–кастрычнік вырасьлі на 6,1%. Такім чынам, рост спажывецкіх цэнаў працягваецца, за студзень–верасень гэты паказьнік складаў 5,76%. Гэта ўжо вышэй за ўхвалены ўрадам прагнозны паказьнік інфляцыі сёлета — 5 працэнтаў.
Найбольш падаражэлі за 10 месяцаў 2025 году імпартаваныя прадукты харчаваньня. Так, кава падаражэла на 33%, селядзец на 26,4%, шакаляд на 25%, какава-парашок на 70%.
Але значна падаражэлі і некаторыя харчы беларускай вытворчасьці: сьвініна і ялавічына на 12%, кілбасы на 10%, малако на 9,4%, сыр на 9%, глазураваныя сыркі на 11%, гарох і фасоля на 16%, сухія сьняданкі на 17%, чыпсы на 22%. Абед у рэстаране ці кавярні падаражэў на 10%.
Некаторыя беларускія прадукты патаньнелі ці падаражэлі нязначна. Амаль на тым жа ўзроўні ад пачатку году засталіся цэны на цукар і соль, патаньнелі рысавыя і манныя крупы, некаторыя віды гародніны, грушы, арэхі, грыбы.
Нехарчовыя тавары падаражэлі на 2,8%, агульная карціна — нязначнае падаражэньне, сёе-тое нават патаньнела, вынятак — ваўняныя швэдры, якія падаражэлі на 9%.
Значна падаражэлі паслугі ЖКГ, у прыватнасьці халодная вада і водаадвядзеньне, але трэба сказаць, што рост на 21 і 19% — ад пачатку году, за апошні месяц яны не даражэлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў прагноз на 2026 год: рост ВУП на 2,8% і рэальных даходаў на 4,8%