Гурт N.R.M. выпусьціў апошні альбом і даў заключныя канцэрты

Піт Паўлаў, музыка гурта N.R.M.

Беларускі рок-гурт N.R.M. выдаў свой апошні альбом «.» («Кропка»), які стаў сымбалічным завяршэньнем доўгай і яскравай гісторыі калектыву. Альбом уключае дзевяць песьняў і быў нядаўна прэзэнтаваны на канцэртах у Вільні і Варшаве, якія сталі для гурта апошнімі ў гісторыі.

Частка кампазыцый была напісаная да жнівеньскіх падзеяў 2020 году. Пасьля пачатку беларускай рэвалюцыі музыкі актыўна падтрымлівалі народны рух: выступалі на маршах, плошчах, у дварах, каля фабрык і заводаў; ладзілі жывыя канцэрты на YouTube у падтрымку палітвязьняў і працягвалі ствараць песьні, якія станавіліся адлюстраваньнем тых падзеяў, адзначае калектыў у звароце да журналістаў.

Напрыклад, «Horad SonCa» — гэта песьня аднаго дня, 9 жніўня 2020 году, калі ўдзельнікі шэсьцяў вярталіся дадому, а краіна яшчэ дыхала надзеяй. Менавіта ў гэты час былі напісаныя «Stakholmskі Syndrom», «Ja Chaču Żyć» і «Novaja Chvala» — кампазыцыі, што сталі сымбалямі пратэсту й веры ў перамены.

Вокладка альбому «.» («Кропка»).

Рэакцыяй на падзеі 2020 і 2022 гадоў стала й песьня «Pałaje», напісаная пад Кіевам, у месцы дысьлякацыі палка імя Кастуся Каліноўскага, перад канцэртам для беларускіх добраахвотнікаў.

Агулам, песьні з новага альбома перадаюць боль, супраціў, настальгію, але й надзею. Яны — пра немагчымасьць маўчаць і пошук адказаў на пытаньне, як рухацца далей, адзначаецца ў апісаньні альбому.

Новы альбом ужо даступны на ўсіх музычных плятформах — Spotіfy, Apple Musіc, YouTube Musіc і іншых. Таксама музыкі рыхтуюць выданьне альбома на вініле й CD.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маю тлумачэньня, чаму мяне не забралі». Інтэрвію зь Пітам Паўлавым пра пратэсты, музыку і пераезд у Польшчу