У тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі назвалі «дыпфэйкам» відэа з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкаму Івана Крупко, якое напярэдадні апублікавалі ў каналах шэрагу дзяржаўных выданьняў.
У роліку Крупко кажа, што за апошні месяц Беларусь адправіла ў Расею 99 эшалёнаў з палівам і што з Мазырскага НПЗ мае пайсьці соты эшалён. Чыноўнік гаворыць, што Расея апынулася ў «найцяжэйшай сытуацыі празь дзеяньні Захаду і кіеўскага рэжыму» і мае тэрміновую патрэбу ў пастаўках.
У паведамленьні Мініфарму гаворыцца: «Вядома ж гэта фэйк, мэта якога толькі нагнятаць абстаноўку. У найцяжэйшай сытуацыі сёньня знаходзяцца тыя, хто кінуў выклік Расеі. Дэфіцыту паліва ў Расеі не было і няма».
Радыё Свабода пакуль ня мае тэхнічнай магчымасьці вызначыць сапраўднасьць відэа з чыноўнікам. Імаверна, што цяперашняе відэа зробленае з прамовы Крупко год таму, дзе ён казаў іншае. На двух відэа супадаюць нават складкі на пінжаку чыноўніка.
За апошні год Беларусь сапраўды нарасьціла пастаўкі паліва ў Расею. Напрыклад, аб’ёмы продажу беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы за першыя дзьве дэкады кастрычніка вырасьлі ў 31,7 раза ў параўнаньні з кастрычнікам 2024 году — да 24,72 тысячы тонаў. Пра гэта паведамляла расейскае выданьне «Коммерсант».
Фрагмэнт кадру зь відэа ў Тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі
Павышаны попыт на беларускае паліва ў Расеі зьвязаны зь ягоным дэфіцытам у шэрагу рэгіёнаў і росту цэнаў на паліва.
Гэта наступствы ўкраінскіх атак на расейскія аб’екты нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Reuters з спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што чыгуначныя пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею ў верасьні вырасьлі да 2,3 мільёна літраў у дзень. Гэта ў чатыры разы больш, чым у жніўні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці чакаць беларусам дэфіцыту паліва праз рост паставак бэнзіну ў Расею? Разьбіраемся