Сьцісла
- Лукашэнка заяўляў, што літоўскія ўлады «зьнішчаюць сваю краіну».
- Насельніцтва Літвы ў 3 разы менш, чым Беларусі, але літоўскі ВУП (валавы ўнутраны прадукт) большы за беларускі.
- Згодна з ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці, Беларусь адстае ад Літвы на 40% і гэты разрыў павялічваецца з 2010 году.
- Паводле інтэгральнага індэкса чалавечага разьвіцьця, на які любяць спасылацца беларускія ўлады, Беларусь таксама адстае ад Літвы.
Падчас сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўлады Літвы «зьнішчылі сваю краіну».
І Лукашэнка, і прапагандысты рэжыму ўвесь час распавядаюць пра надзвычай нізкі ўзровень жыцьця ў Літве. Часьцей, чым звычайна, гучаць падобныя ацэнкі цяпер, у разгар беларуска-літоўскага памежнага крызісу.
А як насамрэч выглядаюць Беларусь і Літва ў параўнаньні паводле дадзеных сацыяльна-эканамічнай статыстыкі?
Зь інфаграфікі бачна, што Беларусь істотна саступае Літве паводле шэрагу сацыяльна-эканамічных паказьнікаў.
Працягласьць жыцьця ў Літве заўважна вышэй, чым у Беларусі. Нягледзячы на тое, што насельніцтва Літвы прыкладна ўтрая менш, чым у Беларусі, ВУП Літвы больш, чым ВУП Беларусі.
Пры супастаўленьні намінальных ВУП на душу насельніцтва атрымліваецца, што Літва паводле гэтага паказьніку пераўзыходзіць паўднёвую суседку ў 3.5 разы.
Аднак супастаўленьне намінальных ВУП на душу насельніцтва не ўлічвае розную структуру цэнаў у дзьвюх краінах. Улічвае розьніцу паміж імі іншы паказьнік — ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці.
Па гэтым паказьніку адставаньне Беларусі ад Літвы не настолькі драматычнае, але відавочнае: дабрабыт Беларусі складае 62% ад літоўскага. Дынаміка гэтага паказьніка дэманструе, што з 2010 году адставаньне Беларусі ад Літвы істотна павялічылася. Калі ў 2010 годзе Беларусь па ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці адставала ад Літвы на 15%, цяпер адставаньне складае 38%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская эканоміка ў пастцы нізкіх тэмпаў росту — тлумачэньне эканаміста КрукаДабрабыт Беларусі як адсотак дабрабыту суседзяў-краінаў Эўразьвязу, суадносіны ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году), 2010-2023
Графік дэманструе, што літоўская эканоміка з 2010 году разьвівалася больш дынамічна, чым ня толькі беларуская, але і латвійская, польская і ў сярэднім эканомікі краінаў Цэнтральнай Эўропы і Балтыі.
Вяртаючыся да інфаграфікі, прыведзенай вышэй, варта адзначыць, што ў Літве сярэдні заробак на канец 2024 году перавышаў сярэдні беларускі больш чым у тры разы. А гадавая інфляцыя ў суседкі Беларусі была летась менш 1% і ў 8 разоў меншай, чым у Беларусі.
Беларускія ўлады любяць апэраваць індэксам чалавечага разьвіцьця, які падлічвае ААН. Крытэры для складаньня гэтага індэксу — узровень жыцьця і сацыяльнай абароненасьці жыхароў розных краінаў, паказьнікі здароўя і працягласьці жыцьця, адукацыі і культурнага разьвіцьця насельніцтва, стану злачыннасьці, аховы навакольнага асяродзьдзя, удзелу людзей у прыняцьці рашэньняў.
Аднак, як бачна з табліцы, і паводле гэтага індэксу Беларусь адстае ад Літвы.
Гэтыя параўнаньні не азначаюць, што Літва ня мае эканамічных і сацыяльных праблемаў, аднак сьведчаць, што Беларусь мае прынамсі ня меншыя праблемы і Літва ніяк не адпавядае ацэнцы Лукашэнкі як краіны, якую «зьнішчаюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвал курсу, як у 2011 годзе, хутчэй за ўсё не паўторыцца, будзе яго павольнае зьніжэньне — эканаміст Леў Львоўскі