У Кіеве ў выніку начной атакі расейцаў бесьпілётнікамі загінулі шэсьць чалавек, паведаміла ўкраінская служба Свабода.
Праз расейскі абстрэл па ўсім Кіеве, практычна ў кожным раёне, пацярпелі шматлікія шматпавярховыя будынкі. У прыватнасьці, пажары ў жылых дамах у Падольскім, Саламянскім, Сьвятошынскім, Дзясьнянскім, Абалонскім раёнах. Таксама гарэў адміністрацыйны будынак у Шаўчэнкаўскім раёне.
Пазьней мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко паведаміў, што 36 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку двое дзяцей і цяжарная жанчына.
Выбух дрона ў Кіеве, 14 лістапада 2025
У Галасееўскім раёне абломкі бесьпілётніка ўпалі на тэрыторыю лякарні.
Падчас расейскага нападу на Кіеў, 14 лістапада 2025
У бомбасховішчах правялі ноч і беларускія ўдзельнікі другога этапу IV Форуму Астроскіх, якія прыбылі ў Кіеў. Пра гэта агенцтву Позірк паведаміў дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Людзі ў Кіеве падчас расейскага паветранага нападу. 14 лістапада 2025
Абстраляла Расея ня толькі саму сталіцу Ўкраіны, але й Кіеўскую вобласьць. Наступствы абстрэлу зазналі як мінімум пяць раёнаў. Пацярпелі прыватныя дамы, склады, вытворчыя памяшканьні і аўтамабілі.
Параненыя шэсьць чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Украіне адключэньні электрычнасьці пасьля расейскіх нападаў на цывільныя аб’екты