Гульца клюбу «Віцебск» Валерыя Гарбачыка пакаралі пасьля здарэньня ў матчы са «Смаргонямі». Тады камэрунскі абаронца Крыстыян Мпамэзак заявіў, што супернік абразіў яго на расавай глебе.
Пазьней сам Гарбачык пацьвердзіў факт абразы праз колер скуры. Ён прыехаў у Смаргоні, каб прынесьці прабачэньні афрыканцу. Камэрунец прыняў прабачэньні і паціснуў Гарбачыку руку. Прычынай расісцкага камэнтару гулец назваў сваю залішнюю эмацыйнасьць.
Дысцыплінарны камітэт Беларускай фэдэрацыі футболу, нягледзячы на прабачэньні футбаліста, прызнаў парушэньне грубым: гульца дыскваліфікавалі на 10 матчаў і аштрафавалі на 50 базавых велічыняў, цяпер гэта складае 530 эўра.
Пакараньня зазнаў і сам клюб Гарбачыка: «Віцебск», які тады перамог у Смаргонях 2:0, пазбавілі трох пунктаў. Зрэшты, для віцяблянаў гэта значыць ня так шмат, клюб ідзе на 11-м месцы сярод 16 камандаў і сёлета ўратаваўся ад вылету ў І лігу.
Падобныя пакараньні вельмі рэдкія ў беларускім футболе.
Дырэктар «Віцебску» Мікалай Вайцюхоўскі не задаволены такім рашэньнем фэдэрацыі, праблему лічыць разьдзьмутай. Вайцюхоўскі заявіў, што ведае чалавека, які «выдумаў гэтую тэму», як і тых, хто ўверсе ўхваліў такое пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін з найбольш знакамітых футбольных клюбаў Беларусі — салігорскі «Шахтар» — прызналі банкрутам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ненавіджу гэтую краіну, яна акупавала Бурацію. Мы добра б жылі без Расеі». Як карэнныя народы РФ змагаюцца з дыскрымінацыяй