Вынікі тыдня з Аляксандрам Фрыдманам: Памочнік Трампа ў Лукашэнкі. Ці адкрыў Коўл мяжу Беларусі?

Спэцпасланьнік ЗША у Беларусі Джон Коўл, палітзьняволеная Марыя Калесьнікава, вядучая Ганна Соўсь, палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман. Ілюстрацыйны каляж

Ці вызваляць Пачобута 17 лістапада, калі плянуюць адкрыць два памежныя пераходы з Польшчай? Хто яшчэ са знакавых палітвязьняў у сьпісах на вызваленьне?

Ці дапаможа Коўл адкрыць беларуска-літоўскую мяжу? Ці Лукашэнка адмяняе «бясплатную мэдыцыну»? Якая галоўная інтрыга сёлетняй прэміі Гедройця? Гэтыя ды іншыя падзеі тыдня Ганна Соўсь абмяркоўвае з палітыкам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам. У эфіры таксама міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч, амэрыканіст Андрэй Карабкоў, прадстаўніца АПК у эканамічных пытаньнях Аліса Рыжычэнка і старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.

1:00 – Адкрыцьцё межаў
3:30 – Міністар унутраных справаў Літвы Кандратовіч пра магчымае адкрыцьцё мяжы зь Беларусьсю
14:45 – Прызначэньне Коўла і яго роля ў вырашэньні пытаньняў мяжы і вызваленьні палітвязьняў
25:03 – Прафэсар паліталёгіі з Тэнэсі Андрэй Карабкоў пра тое, ці хвалюе Трампа лёс беларускіх палітвязьняў
33:20 – Што адбываецца ў жаночай калёніі ў Гомлі. Анонс дакумэнтальнага кіно Свабоды
46:30 – Лукашэнка супраць бясплатнай мэдыцыны. Камэнтар эканамісткі Алісы Рыжычэнкі
52:30 – Старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай пра сёлетнюю прэмію Гедройця

Тут фрагмэнт размовы

— Адна з галоўных падзеяў гэтага тыдня — прызначэньне Дональдам Трампа спэцыяльным пасланьнікам у Беларусь Джона Коўла. Чакаюцца бліжэйшым часам перамовы Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША, паводле прэс-сакратаркі Лукашэнкі, парадак дня сустрэчы налічвае пяць-шэсьць пытаньняў. Што мяняе для афіцыйнага Менску і для Беларусі прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка?

— Да гэтых заяваў спадарыні Эйсмант трэба ставіцца вельмі асьцярожна. Яна ўжо абвесіла пра нейкія пяць-шэсьць пунктаў праграмы, але візыт Коўла па-ранейшаму не адбыўся. Заява Трампа была ў нядзелю. Сёньня мы напрыканцы працоўнага тыдня, магчыма, штосьці адбудзецца заўтра, пасьлязаўтра, можа, на пачатку наступнага тыдня. Але тое, што гэта не адбылося, паказвае, што хаця б нейкай угоды паміж Менскам і Вашынгтонам прынамсі на дадзены момант няма.

Гэтае прызначэньне — добры сыгнал для Лукашэнкі, добры сыгнал для Беларусі ў цэлым. І гэта добры сыгнал для Джона Коўла, бо ён атрымаў самастойную пасаду. Да апошняга часу ён праводзіў гэтыя кансультацыі з Лукашэнкам у якасьці намесьніка генэрала Кэлага, які зьяўляецца спэцпрадстаўніком па Ўкраіне. Так што зараз ён сам становіцца спэцпрадстаўніком па Беларусі, гэта прыемна, гэта падвышае ягоную палітычную вагу. Для Лукашэнкі гэта прыемна, бо прызначэньне спэцпрадстаўніка паказвае, што ёсьць цікавасьць для далейшага калі не супрацоўніцтва, прынамсі для кантактаў, што амэрыканцы бачаць у гэтым патэнцыял, значыць адкрываюцца магчымасьці для рознага кшталту кантактаў, угодаў, магчыма эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта паказвае паказвае, што Беларусь разглядаецца як больш менш самастойны і важны фактар.

І калі ўзяць пад увагу пэрспэктывы вызваленьня палітвязьняў, гэта дае надзею на тое, што яны могуць быць вызвалены. Калі мы сур’ёзна разглядаем сытуацыю, то сёньня без амэрыканскага ўплыву, без амэрыканскіх кансультацыяў, перамоваў з Лукашэнкам разьлічваць на тое, што людзі атрымаюць свабоду, не прыходзіцца. Зараз ёсьць прадстаўнік, які будзе весьці перамовы і надалей з Лукашэнкам, ёсьць Трамп, які абвесьціў пра тое, што ідзе змаганьне за вызваленьне 50 палітзьняволены. Гэта дае надзею на тое, што бліжэйшым часам людзі будуць выхадзіць на волю.

— Вы гаворыце пра тое, што так і не адбыліся цягам гэтага тыдня перамовы, так і не прыехаў Коўл у Менск. Чаму? Якое ваша тлумачэньне?

— З майго пункту гледжаньня проста на дадзены момант няма дамоўленасьцяў. Калі мы паглядзім на твіт прэзыдэнта Трампа ў ягонай сацыяльнай сетцы True Social, то ён нязвыклы для Трампа, бо звычайна Трамп абвяшчае пра вынікі. Гэта яго стыль. Твіты Трампа звычайна не пра перамовы. Гэта не чалавек, які захапляецца працэсам перамоў, гэта чалавек угодаў, ён хоча дэманстраваць вынікі. Гэтым разам Трамп не пісаў пра тое, што будуць вызваленыя 50 чалавек. Гаворка ішла пра тое, што Коўл вядзе перамовы, ён будзе гэтага дамагацца. І гэта відавочна той вынік, які б амэрыканцы прынамсі на дадзеным этапе жадалі бы прадэманстраваць. Коўл ня можа сабе дазволіць паехаць проста ў Беларусь, зь кімсьці сустрэцца і вярнуцца без нейкага выніка. Ён павінен і жадае прадэманстраваць вынік.

Магчыма, пэўную ролю адыгрывае тое, што дэпартацыя палітвязьняў да апошняга праходзіла праз тэрыторыю Літвы. Зараз мяжа зачынена і арганізаваць гэта складана. А магчыма ўсё куды прасьцей — пакуль няма канчатковых дамоўленасьцяў адносна тых людзей, якіх амэрыканцы жадаюць вызваліць. Амэрыканская тэндэнцыя відавочная, яны настойваюць, каб у кожны сьпіс уваходзілі вядомыя людзі. Гэта стыль камунікацыі прэзыдэнта Трампа — важна ня толькі вызваліць, але каб гэта былі сапраўды гучныя пэрсаналіі, каб пра гэта напісала сусьветная прэса, каб гэта прынесла Трампу адпаведныя публічныя дывідэнды. Той жа Коўл раней заяўляў, што ён дамагаецца вызваленьня Алеся Бяляцкага. З другога боку відавочна, што Лукашэнка да вызваленьня знакамітых палітвязьняў ставіцца вельмі асьцярожна. Ён хоча атрымаць за кожнага такога палітвязьня нешта асаблівае. Не выключаю, што яны ня могуць дамовіцца наконт тых людзей, якія будуць вызвалены, бо Лукашэнка не згаджаецца з амэрыканскімі прапановамі.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.