«Калі мы зараз не прыдумаем мэханізму аднаўленьня нашай канкурэнтнай перавагі ў цяперашніх умовах, то мы можам забыцца пра лягістыку ў Літве», — цытуюць агенцтва BNS і літоўская грамадзкая тэлерадыёкампанія словы Тарасава.
Паводле яго, адкрыўшы памежныя пераходы, Польшча павялічыць прапускную здольнасьць мяжы, і ўвесь грузавы паток будзе праходзіць праз яе, што зьменшыць неабходнасьць перавозкі тавараў празь Літву ці Латвію.
Тарасаў патлумачыў, што да цяперашняга закрыцьця Літвой мяжы зь Беларусьсю два пункты на беларуска-літоўскай мяжы прапускалі каля 120 грузавікоў у дзень.
«А адзін польскі памежны пункт — каля тысячы грузавікоў у дзень, — кажа Тарасаў. — Мы пакуль ня ведаем, якой будзе прапускная здольнасьць польскіх памежных пунктаў, але трафік будзе вельмі хутка праходзіць праз Польшчу, і аўтаматычна ўзьнікае пытаньне, навошта ўвогуле патрэбныя пункты ў краінах Балтыі?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зь літоўскімі фурамі абышоўся як рэкецір». Што сказаў кіраўнік МУС Літвы ў вялікім інтэрвію СвабодзеДа 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. А з 27 кастрычніка закрыла яе для беларусаў цалкам да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мытня пагражае кіроўцам літоўскіх фураў буйнымі штрафамі за нявыезд на стаянку