Ва Ўкраіне заявілі, што Запароская АЭС на парозе новага блэкаўту: перабітая адна зь дзьвюх ліній электраперадач

Запароская АЭС. Архіўнае фота

Запароская АЭС да 23 кастрычніка цягам месяцу ўжо знаходзілася ў рэжыме поўнага блэкаўту.

У Нацыянальнай атамнай энэргагенэруючай кампаніі Ўкраіны «Энэргаатам» заявілі, што ў другой палавіне 14 лістапада Запароская АЭС зноў страціла сілкаваньне ад адной з дзьвюх зьнешніх ліній электраперадач — 750 кВ ЗАЭС — Дняпроўская, якая зьяўляецца асноўнай для забесьпячэньня энэргіяй захопленай Расеяй у 2022 годзе станцыі.

«Забесьпячэньне зьнешняга сілкаваньня станцыі, неабходнага для бясьпечнага функцыянаваньня, зноў пад пагрозай. У выпадку паўторнага адключэньня ад энэргасыстэмы на ЗАЭС можа адбыцца чарговы адзінаццаты блэкаўт, а гэта будзе ствараць сур’ёзную пагрозу для радыяцыйнай бясьпекі», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.

Запароская АЭС да 23 кастрычніка цягам месяцу знаходзілася ў рэжыме поўнага блэкаўту. Увесь гэты час бясьпека найбольшай у Эўропе атамнай станцыі падтрымлівалася выключна за кошт работы аварыйных дызэль-генэратараў, што стварала беспрэцэдэнтную пагрозу ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы ня толькі Ўкраіны, а і ўсяго эўрапейскага кантынэнту.

18 кастрычніка Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) паведаміла, што спэцыялісты-рамонтнікі былі дапушчаныя да аб’екта, дзякуючы дамоўленасьцям аб спыненьні агню, дасягнутым паміж Расеяй і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Энэргетыкі Ўкраіны аднавілі энэргазабесьпячэньне захопленай Расеяй Запароскай АЭС пасьля месяцу яе блэкаўту

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пашкоджаныя падстанцыі на дзьвюх АЭС і чыгунка, ёсьць ахвяры. Вынікі новых расейскіх абстрэлаў