У Астравецкім раёне прыбралі крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага

Крыж у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага ўсталявалі ў 2013 годзе. Архіўнае фота

У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна, што на пад’езьдзе да памежнага пункта «Катлоўка — Лаварышкі» на беларуска-літоўскай мяжы, прыбралі помнік у гонар паўстанцаў 1863 году.

Пра гэта паведамілі ў Telegram-канал «Спадчына», які расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі.

Крыж з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю, у гонар 150-годзьдзя паўстаньня Каліноўскага ўсталявалі ў 2013 годзе.

На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, — выява «Пагоні».

Крыж паставілі ня ў гонар нейкай канкрэтнай бітвы, а як памятны знак усяму паўстаньню — трагічнай, але вельмі яркай падзеі.А меч — гэта стары сымбаль, які мае два прачытаньні. Калі ён узьняты — гэта кліч да барацьбы, дзеяньня. Калі ж ён уторкнуты ў зямлю — гэта сымбаль таго, што бітва скончаная, засталося падлічыць страты, пахаваць памерлых і памятаць пра іх.

Аўтар ідэі — краязнаўца Алесь Юркойць, фундатар — Мікіта Забуга, скульптар — Ігар Засімовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мастаўлянах усталявалі шыльды на месцы нараджэньня Кастуся Каліноўскага