Экс-камандзір падразьдзелу беларусаў ва ўкраінскім войску прызнаў, што лік жаўнераў не адпавядае статусу палка

Колішні камандзір палка Кастуся Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей. Архіўнае фота

Колішні камандзір палка Кастуся Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей заявіў, што колькасны склад беларускага падразьдзелу не адпавядае статусу палка.

На пытаньне выданьня «Люстэрка», ці зьяўляецца беларускі падразьдзел полкам паводле колькаснаага складу байцоў, Павал Шурмей адказаў:

«Я адкажу: не. І, калі ўжо вяртацца ў гісторыю, гэта (тое, што называлі палком. — РС) была работа на пэрспэктыву. Ну, як ёсьць, так ёсьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто вырашыў бараніць Украіну, ужо трапіў у палітыку». Што цяпер адбываецца з палком Каліноўскага

У пачатку кастрычніка тагачасны камандзір палку Каліноўскага Павал «Дзядзька» Шурмей апублікаваў відэаазварот, у якім паведаміў пра зьмены ў кіраўніцтве фармаваньня, а таксама агучыў пляны пашырэньня палітычнай дзейнасьці. Паводле яго, цяпер усе ключавыя рашэньні будзе прымаць рада камандзіраў, будзе створаная вэтэранская арганізацыя «Каліноўцы», афіцыйна прадстаўляць якую будзе Ян Мельнікаў.

У ліпені 2024 году полк імя Кастуся Каліноўскага абвясьціў пра закрыцьцё свайго рэкрутынгавага цэнтру ў Варшаве. Тады паведамлялася, што за 2,5 года вайны празь яго прайшлі некалькі тысяч беларусаў і тоны важных тавараў для фронту. Спыненьне ўласнага рэкрутынгу было зроблена на выкананьне кіраўніцтва Інтэрнацыянальнага легіёну Мінабароны Ўкраіны. Пасьля гэтага новых байцоў набіралі праз сыстэму гэтага легіёну ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкрутынгавы цэнтар палку Каліноўскага спыніў працу