Поўны і зручны для пошуку пералік кніг, якія Міністэрства інфармацыі Беларусі прызнала «экстрэмісцкімі» — з назвамі, аўтарамі і нумарамі судовых рашэньняў, — не апублікаваны.
На сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі ёсьць прынамсі два афіцыйныя сьпісы так званай «забароненай літаратуры». Да таго ж ёсьць нефармальны сьпіс, якога няма ў адкрытым, афіцыйным выглядзе, але бібліятэкі і кнігарні ведаюць, якіх аўтараў непажадана мець у доступе. Гэты сьпіс ствараецца праз даносы, «парады» ідэолягаў і самацэнзуру, на ўмовах ананімнасьці прызналася Свабодзе супрацоўніца адной з сталічных бібліятэк.
У «экстрэмісцкім сьпісе» Міністэрства інфармацыі каля 7 тысяч пазыцыяў
Першы афіцыйны дакумэнт называецца «Рэспубліканскі сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Звычайна пракуратура (рэспубліканская, раённая) выходзіць з прапановай прызнаць рэсурс, канал у сацыяльных сетках, кнігу «экстрэмісцкімі». А рашэньні фармальна прымаюць раённыя суды. Як вынікае з аналізу пераліку кніг, больш за ўсё рашэньняў прымаюць суды Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёну Менску, але сустракаюцца і раённыя суды ў вобласьці (так, «Сабакаў Эўропы» Бахарэвіча прызнаў «экстрэмісцкімі» суд Менскага раёну).
Першымі ў «экстрэмісцкі сьпіс» трапілі CD-R-дыскі з фільмам «Урок беларускай мовы» і з канцэртам «Салідарныя зь Беларусьсю», запісаным 12 сакавіка 2006 году ў Варшаве. Гэта адбылося ў 2008 годзе. Далей у сьпісе — шэраг назваў рэлігійнай літаратуры, выдадзеных ЗАТ «Православная инициатива».
Папаўняўся гэты сьпіс даволі павольна і амаль незаўважна, за выключэньнем нейкіх рэзанансных выпадкаў.
Так, у 2012 годзе на беларускай мяжы сканфіскавалі даволі вялікую партыю альбомаў «Прэс-фота Беларусь 2011», надрукаваных выдавецтвам «Логвінаў» у Літве. У Горадні была створана адмысловая экспэртная камісія, якая вывучала матэрыялы, зрабіла выснову, на падставе якой Ашмянскі суд прызнаў альбом «экстрэмісцкім».
Пасьля падзеяў 2020 году ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» пачалі актыўна ўключаць сайты, старонкі сацыяльных сетак, тэлеграм-каналы, TikTok-акаўнты — цяпер у ім больш за 7 тысяч пазыцыяў на 1 тысячы старонак.
Пералік менавіта кніг у «Рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», паводле зьвестак Беларускага ПЭН-цэнтру, з 2020 па 3 лістапада 2025 году папоўніўся на 92 выданьні. Адной зь першых пасьля 2020-га туды ўключылі кнігу «Беларускі Данбас» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша (РС: кніга ўключана ў пералік 26 сакавіка 2021 года. Аўтараў асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны). Апошнімі туды трапілі дзьве кнігі Валера Гапеева з сэрыі «Вольнеры» (29 кастрычніка 2025 году).
Кнігі, прызнаныя «экстрэмісцкімі
Дунін-Марцінкевіча выключылі з «экстрэмісцкага сьпісу», філёзафа Акудовіча ўключылі
У сьпісе шмат імёнаў вядомых беларускіх творцаў: Уладзімер Арлоў і Павал Татарнікаў з альбомам «Айчына. Маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкi»; Альгерд Бахарэвіч з «Сабакамі Эўропы» і «Апошняй кнігай Пана»; «Выбраныя творы» Ўладзімера Някляева, Лідзіі Арабей, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай з сэрыі «Кнігазбор»; кнігі Паўла Севярынца; Зьмітра Дашкевіча; Паўла Шарамета, былых «свабодаўцаў» Сяргея Навумчыка, Аляксандра Лукашука ды іншыя.
Праўда, неяк здарыўся казус: 8 лістапада 2023 году суд Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці ў «экстрэмісцкі пералік» уключыў Збор твораў клясыка беларускай літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ў 2-х тамах (выдадзены ў 2008 годзе). Пасьля рэзанансу і абурэньняў грамадзкасьці 11 сакавіка 2024 года творы клясыка выключыў з «Рэспубліканскага сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» суд ужо Цэнтральнага раёну Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства інфармацыі забараніла прадаваць кнігі Муракамі, Паланюка і беларускую паэзію пратэстуКожны квартал гэты пералік папаўняецца дзясяткамі новых выданьняў.
Месяц таму «экстрэмісцкімі» прызналі кнігі Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці» (філязофская проза пра пошукі ідэнтычнасьці і сэнсу існаваньня ва ўмовах страты нацыянальнай і культурнай цэласнасьці) і «Трэба ўявіць Сізіфа шчасьлівым» (інтэлектуальны роздум, філязофскі аналіз, эсэістыка пра беларускую ідэнтычнасьць). Тады ж ў лік «экстрэмісцкіх выданьняў» трапіла ўжо згаданая сямейная сага Валера Гапеева «Вольнеры. Прадвесьце» і «Вольнеры. Бясконцы дзень», што апісвае станаўленьне, унутраныя канфлікты і выпрабаваньні роду Вольнераў.
«Мэтадычкі» Шарпа і Тымаці Снайдэра
«Экстрэмісцкімі» ў Беларусі прызналі вядомыя гістарычныя кнігі замежных аўтараў: «Пра свабоду» Тымаці Снайдэра, «Ад дыкатуры да дэмакратыі» Джына Шарпа — праграмная праца аб негвалтоўным супраціве, стратэгіях і мэтадах барацьбы супраць аўтарытарных рэжымаў і пераходу да дэмакратыі.
У сьпісе забароненых кніг таксама «Спаленыя вёскі. Злачынствы нацыянал-сацыялізму супраць сельскага насельніцтва ў Польшчы і Савецкім Саюзе падчас Другой сусьветнай вайны» пад рэдакцыяй Флёрыяна Вілера і Фрэдэрыка Банэсэра; «Крах апэрацыі „Барбароса“» Германа Гота — аб правале нямецкага наступу на СССР у 1941 годзе, напісаны на аснове мэмуараў нямецкага генэрала і дакумэнтаў Вэрмахту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — Гітлер, які ня змог зьехаць з Аўстрыі». Філіпенка пра забароненыя кнігі і лёс БеларусіУ пераліку «шкодных для нацыянальных інтарэсаў» выданьняў — 173 пазыцыі
Другі пералік з сайту Міністэрства інфармацыі называецца «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюджваньне якіх здольнае нанесьці шкоду нацыянальнай інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
Гэты сьпіс зьявіўся на сайце міністэрства 21 лістапада 2024 году. Уносяць у сьпіс на падставе высноваў «Рэспубліканскай камісіі правядзеньня ацэнкі сымболікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі», асноўная сфэра дзейнасьці якой — рабіць высновы аб наяўнасьці „экстрэмізму“ ў інфармацыйных прадуктах.
На канец 2024 году старшынёй камісіі пазначаная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч. У складзе камісіі таксама намесьнік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі і яшчэ дзьве чыноўніцы гэтага ведамства. Ёсьць у сьпісе прадстаўнікі МУС, сілавікі з ГУБАЗіКу, Сьледчага, Мытнага, Памежнага дзяржаўных камітэтаў, а таксама супрацоўнікі Вайсковай акадэміі, Акадэміі МУС, прафэсары БДУ, загадчыкі катэдраў, штатныя ідэолягі. Ёсьць таксама неназваны супрацоўнік КДБ, але няма ніводнага незалежнага ад дзяржавы экспэрта.
Пералік «шкодных» матэрыялаў папаўнялі 6 разоў, усяго ў ім на сёньня 173 пазыцыі. Паводле Міністэрства інфармацыі, «наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам друкаваныя выданьні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасьць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны, рэлігійную нясьцерпнасьць, гвалт, жорсткасьць і парнаграфію, якія распальваюць варожасьць і нянавісьць, якія аказваюць нэгатыўны ўплыў на фізычнае і псыхічнае разьвіцьцё дзяцей, скажаюць уяўленьне аб сапраўдных сямейных каштоўнасьцях».
Бібліятэка ў Менску, красавік 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Пашкодзіць «нацыянальным інтарэсам» могуць нават кнігі аб полавым выхаваньні дзяцей
Пачынаецца сьпіс з гістарычнай літаратуры. Пад нумарам 1 — «Нарысы гісторыі Беларусі (1795–2002)» Захара Шыбекі. Далей ідуць «Тайны беларуской истории» Вадзіма Дзеружынскага і «На скрыжалях вякоў: гістарычныя творы» Кастуся Цвіркі.
У сьпіс непажаданых трапілі творы вядомай дасьледніцы савецкага таталітарызму, ляўрэаткі Пуліцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм «ГУЛАГ» і «Жалезная заслона. Здушэньне Ўсходняй Эўропы (1946–1956)».
Сярод твораў мастацкай літаратуры — два раманы Сашы Філіпенкі: «Чырвоны Крыж» і «Слон». У сьпісе таксама папулярны расейскі пісьменьнік Уладзімер Сарокін з творам «Трыццатае каханьне Марыны».
Моцна не падабаецца беларускім цэнзарам сучасны японскі пісьменьнік і рэжысэр Ру Муракамі — ажно 5 ягоных твораў забароненыя ў Беларусі: «Усе адценьні блакітнага», «Караоке», «Тапаз», «Экстаз», «Дзеці з камэры захоўваньня». У сьпісе шмат іншых папулярных замежных аўтараў (Чак Паланік, Джэймс Болдуін, Дэйвід Мітчэл, Іян Бэнкс ды іншыя).
У пераліку ёсьць кнігі аб полавай адукацыі: «Давай пагаворым пра ГЭТА: аб дзяўчатах, хлопчыках, немаўлятах, сям’і і целе» Робі Гарыс. Пра гэтую кнігу пішуць: «міжнародны бэстсэлер на тэму інтымнага выхаваньня, які заваяваў давер тысяч бацькоў і дзіцячых спэцыялістаў». У пераліку таксама «Сучасная энцыкляпэдыя для дзяўчатак» Каці Дзянісавай і Марыны Ментусавай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі дзяржаўная арганізацыя абвясьціла пра закупку кніг у бібліятэкі. Сярод іх ніводнай па-беларуску«Лёгікі няма»
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta робіць штоквартальны аналіз кніг, якія ўключаюцца ў абодва сьпісы Міністэрства інфармацыі. Юрыст Human Constanta Яўген кажа, што экспэрты, літаратуразнаўцы, праваабаронцы часта ня могуць адказаць, чаму кнігі прызнаюцца «экстрэмісцкімі» або «шкоднымі».
«Лёгікі няма. У Рэспубліканскай камісіі ёсьць людзі з навуковымі ступенямі, але яны ўсе праўладныя, незалежных экспэртаў там няма. Былі выпадкі, калі яны прызнавалі кнігі „экстрэмісцкімі“, аргумэнтуючы гэта тым, што там ёсьць нацысцкая сымболіка (а ў кнізе наагул не было ілюстрацый).
Звычайна сьпіс папаўняюць кнігі, дзе ёсьць крымінал і дзеці, дзе ўзгадваецца ЛГБТ, таксама выданьні аб псыхалёгіі. Сёлета ў верасьні ўпершыню ў яго трапілі кнігі пра наркатычную і алькагольную залежнасьці, але там няма, прабачце, ніякай „рамантызацыі“ ужываньня гэтых шкодных рэчываў, а наадварот», — кажа праваабаронца Яўген з Human Constanta.
Ён прыводзіць у прыклад кнігу шатляндзкага пісьменьніка Ірвіна Ўэлша «На ігле», дзе наркаман у Эдынбургу знаходзіць у сабе сілы зьлезьці з той самай іголкі і пачаць новае жыцьцё. Паводле гэтай кнігі ў 1990-х быў зьняты культавы фільм.
Прызнаныя таксама «экстрэмісцкімі» ўспаміны нямецкага вайскавода, фэльдмаршала Эрыха фон Манштайна «Страчаныя перамогі», у якіх ён выкладае сваё бачаньне прычынаў паразы Нямеччыны ў Другой усясьветнай вайне. І такіх прыкладаў процьма, кажа Яўген.
Што пагражае за наяўнасьць «экстрэмісцкіх кніг» у хатняй бібліятэцы?
Ілюстрацыйнае фота
За распаўсюджваньне, захоўваньне, выданьне кніг, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а таксама за іх перавозку з мэтай распаўсюджваньня чалавека могуць пакараць штрафам ад 420 да 1260 рублёў, або адміністрацыйным арыштам — да 15 дзён.
Для індывідульных прадпрымальнікаў і юрыдычных асобаў (кнігарні, бібліятэкі) прадугледжаны штраф ад 4200 да 21 000 рублёў.
Увесну 2024 году ў Кобрыні на 10 содняў арышту асудзілі чалавека, які меў у прыватнай бібліятэцы кнігу Ўладзімера Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: Ад Рагнеды да Касьцюшкі», занесеную ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Міліцыя даведалася пра наяўнасьць у доме жыхара Кобрыня «экстрэмісцкай» кнігі з даносу. Хто напісаў паклёп, у міліцэйскім пратаколе не было пазначана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Вольскі прыходзіў зь ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калегаў. Апублікаваныя ўспаміны пра рэпрэсіі 1920–1940 гадоў«На цудоўных маляўнічых альбомах Уладзімера Арлова я выхоўваў унукаў»
Свабода пагаварыла зь бібліяфілам, што мае ў Менску велізарную бібліятэку з каля 10 тысяч кніг, якую зьбіралі тры пакаленьні ягонай сям’і (дзеля бясьпекі не называем ягонага імя). Ён вельмі ганарыцца рэдкімі выданьнямі ў сваёй бібліятэцы, падпіскамі клясыкаў, кнігамі з аўтографамі. Але асаблівы гонар у яго — за сэрыю «Кнігазбор». Гэта сэрыя недзяржаўнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якая ўключае клясыку, сучасную літаратуру і гістарычна-літаратурныя помнікі. Суразмоўца кажа, што мае амаль усе — а гэта больш за 100 кніг сэрыі, акрамя дзьвюх-трох, якія дагэтуль шукае ў букіністычных крамах.
«Нядаўна завітаў да мяне стары сябар, які таксама мае добрую бібліятэку, і пытаецца: „А ты не баісься трымаць кнігі ў доме? Я ўжо на паліцах бачу ў цябе зь дзясятак „экстрэмісцкіх выданьняў“. Я і праўда ня ведаў, што „Выбраныя творы“ Ўладзімера Някляева, Лідзіі Арабей, Вацлава Ластоўскага — у тым „экстрэмісцкім“ сьпісе. Ну добра, улада ніколі не любіла Ларысу Геніюш і Натальлю Арсеньневу… А пры чым тут Някляеў зь любоўнай лірыкай, вершамі, песьнямі? Дарэчы, кніга выдадзеныя ў 2009 годзе.
На цудоўных маляўнічых альбомах Уладзімера Арлова і мастака Татарнікава я выхоўваў унукаў…» — з горыччу кажа суразмоўца Свабоды.
Ён прызнаецца, што сябар параіў яму ўсё ж такі прыбраць хаця б з «фасадаў» кніжных паліц так званую «экстрэмісцкую літаратуру». Наш суразмоўца нават заходзіў на сайт Міністэрства інфармацыі, аднак зразумелага, уцямнага сьпісу там ён не знайшоў.
«Я нават спампаваў той вялізны дакумэнт з „экстрэмісцкімі матэрыяламі“ — у ім амаль 1000 старонак. Гэта і сотні сайтаў, тэлеграм-каналаў, тык-ток — прабачце, „зьмяшаліся ў кучу коні, людзі“, як пісаў клясык. Дык што — мне ўсю маю шматтомную бібліятэку „праганяць“ праз той пошук?» — абураецца бібліяфіл.
Свабода зьвярнулася да літаратуразнаўцаў і папулярных аўтараў тых самых забароненых кніг з просьбай прааналізаваць абодва сьпісы так званых «экстрэмісцкіх» і «шкодных» выданьняў ад Міністэрства інфармацыі. Адказы былі ляканічныя і падобныя: «Не спрабую шукаць нейкай лёгікі ў дзеяньнях улады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У новым школьным падручніку гісторыі пра Лукашэнку напісалі 46 разоў, а пра кнігі Караткевіча, рэпрэсіі і апанэнтаў Лукашэнкі — ні разу