Паводле палітычнага артыкулу пакаралі беларуса, які да суду жыў пад Масквой
Тры гады зьняволеньня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — такі вырак вынес суд у Менску беларускаму прадпрымальніку з Расеі.
Прадпрымальніка Аляксея Прохарчыка, які жыў і працаваў у Краснагорску пад Масквой, затрымалі ў Беларусі ў лістападзе 2024 году. Амаль праз год, у верасьні 2025 году ў менскім гарадзкім судзе Прохарчыка прызналі вінаватым паводле першай і другой частак артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 3 гады зьняволеньня, паведамляе «Вясна». Паводле праваабаронцаў, гэтак прадпрымальніка пакаралі за дапамогу прадуктамі пацярпелым ад рэпрэсіяў праз ініцыятыву INeedHelpBy. Палітвязень адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 2 у Бабруйску.
Аляксею Прохарчыку 37 гадоў, ён родам зь Менску, у Расеі меў бізнэс, жыў з сям’ёй у Падмаскоўі з расейскім дазволам на жыхарства. Фірма, якую Прохарчык стварыў і ўзначальваў, займалася электрамантажнымі работамі і будаўніцтвам, гадавы абарот складаў каля 4 мільёнаў даляраў. Паводле зьвестак «Нашай нівы» прадпрымальніка арыштавалі пасьля таго, як ён прыехаў на пахаваньне бацькі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 14 лістапада: Вярхоўны суд пакінуў у сіле вырак журналісту Ігару Ільяшу, абнавілі сьпіс «экстрэмістаў»Актывіста з Нароўлі абвінававацілі ў «здрадзе дзяржаве»
Грамадзкі актывіст з Нароўлі Мікола Віткоўскі зьнік некалькі месяцаў таму. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі яго ў верасьні, цяпер ён у СІЗА турмы № 4 у Магілёве. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», піша «Вясна».
Мікола — грамадзкі актывіст, сябра партыі «Народная грамада». Раней яго шмат разоў затрымлівалі і прысуджалі адміністрацыйны арышт. Што стала нагодай для крымінальнай справы супраць яго з абвінавачваньнямі ў «здрадзе дзяржаве», пакуль невядома.
13 лістапада праваабаронцы даведаліся, што ў турме № 4 ў Магілёве трымаюць актывіста з Каленкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «абразе Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 11 лістапада: асудзілі аднаго з братоў-палітвязьняў, другі застаецца ў СІЗА