Спадзеў на новага генэральнага дырэктара зь ягонай «унікальнай гісторыяй і адданасьцю справе»
Галоўная старонка сайту «Беларусьфільму» заінтрыгавала спадзевам на новага кіраўніка, якога прызначылі 8 месяцаў таму:
«Мы ідзем наперад пад кіраўніцтвам нашага лідэра — генэральнага дырэктара кінастудыі Сямёнава Дзьмітрыя Сяргеевіча. Яго ўнікальная гісторыя, прафэсійныя дасягненьні і адданасьць справе служаць для нас прыкладам і натхненьнем. Сямёнаў Дзьмітры Сяргеевіч ня толькі задае высокія стандарты працы, але і актыўна садзейнічае разьвіцьцю беларускага кінэматографу на міжнароднай арэне».
Натуральна, пачалі шукаць, што за «ўнікальная гісторыя», якіх «прафэсійных дасягненьняў» пасьпеў дамагчыся нядаўна прызначаны дырэктар і якая «міжнародная арэна» маецца на ўвазе.
Дзьмітрыю Сямёнаву 35 гадоў. Скончыў Інстытут сучасных ведаў і Беларускі пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка. Раней да кіно ня меў ніякага дачыненьня. Пачынаў працоўны шлях з пасады пэдагога-арганізатара ў 200-й сталічнай школе, працаваў у Заводзкай раённай адміністрацыі, кіраваў Палацам дзяцей і моладзі «Золак» і Дзяржаўным лялечным тэатрам, цягам апошняга году быў намесьнікам начальніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму.
Дарэчы, даўно ўжо стала дзіўнай традыцыяй — прызначаць кіраўнікамі галоўнай кінастудыі краіны людзей, далёкіх ад кіно.
Палкоўнік, настаўнік музыкі і сьпеваў, ідэоляг — хто раней кіраваў «Беларусьфільмам»
Напрыклад, палкоўнік Уладзімер Замяталін, які працаваў кіраўніком прэс-цэнтру Міністэрства абароны, начальнікам галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі прэзыдэнта — ён ачольваў «Беларусьфільм» з 2006 па 2010 гады.
Даўжэй за ўсіх — 5 гадоў (з 2018 па 2023) — генэральным дырэктарам «Беларусьфільму» быў Уладзімер Карачэўскі, паводле адукацыі настаўнік музыкі і сьпеваў.
Пасьля яго два гады галоўнай кінастудыяй краіны кіраваў былы першы сакратар Горадзенскага абласнога камітэту БРСМ і вядучы ідэоляг аблвыканкаму Юры Аляксей, які скончыў Горадзенскі камэрцыйны інстытут кіраваньня, Горадзенскі аграрны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня. Да прызначэньня ўзначальваў «Гроднааблкінавідэапракат». Пратрымаўся на пасадзе менш за 2 гады. У сакавіку 2025 году яго зьмяніў Дзьмітры Сямёнаў.
Праз два месяцы пасьля прызначэньня новага дырэктара Лукашэнка зь сьвітай чыноўнікаў наведаў «Беларусьфільм».
Працу кінастудыі ён ацаніў ляканічна: «Аддача мінусовая». Але даў кинэматаграфістам апошні шанец.
«Я лічу, іх трэба пакінуць. Няхай ствараюць, прадаюць і жывуць. Не — выбачайце. Ну колькі разоў можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах у дзяржавы. Зыходзячы з той нават даведкі, якую камітэт і ты (Камітэт дзяржаўнага кантролю і адміністрацыя прэзыдэнта. — РС) падрыхтавалі.
А навошта ім працаваць? Прынясуць дакумэнт, падмахнуць, прэзыдэнту на стол: дайце грошы. А за што даваць грошы? — казаў Лукашэнка. — За апошнія некалькі гадоў гэта трэція „новыя людзі“. І мы ўсё дапамагаем», — падсумаваў ён.
То бок Лукашэнка сам прызнаў, што сытуацыя з кадрамі нестабільная: прыйшлі ўжо «трэція новыя людзі». А міністар культуры Руслан Чарнецкі сказаў, што ва ўмовах спаду айчыннай вытворчасьці многія кінэматаграфісты раней разьехаліся, але паабяцаў іх вярнуць: «Мы іх вернем. Ужо пачалі».
«Клясная» — чарговы нацыянальны праект
Дзяржава сапраўды пастаянна дапамагае «Беларусьфільму» сваімі абавязковымі замовамі. Самыя рэзанансныя стужкі апошніх гадоў — «Мы — браты» (2015 год) і «На другім беразе» (2023 год).
Праект «Мы — браты» быў заяўлены як «нацыянальны» зь бюджэтам каля 2 мільёнаў даляраў. Адразу па выхадзе ён меў на сэрвісе ацэнкі фільмаў «Кинопоиск» ацэнку 1 з 10, пасьля яна паднялася да 2 з 10. Цяпер фільм мае там ацэнку 6,4, а на IMDb — 3,2 з 10 магчымых балаў.
Масоўка падчас здымак фільму «Мы — браты»
Рэйтынг фільму «На другім беразе» (2023, анансавалі як «гістарычную драму пра польскую акупацыю Беларусі», зьнялі да нядаўна аб’яўленага сьвята Дня народнага адзінства, склаў на «Кинопоиске» усяго 3,3.
Рэжысэр фільму — расеец Андрэй Хрулёў, у галоўных ролях малавядомыя расейскія акторы Данііл Чуп і Антаніна Дзівіна. І толькі ў адмоўнай ролі польскага афіцэра беларускі актор — Руслан Чарнецкі.
Сёлета дзяржаўная замова — фільм «Клясная» маладога беларускага рэжысэра Кірыла Халецкага. Неяк на сустрэчы пэдагогаў з Лукашэнкам дырэктарка сярэдняй школы № 73 Менску Ірына Родзік прапанавала «папулярызаваць прафэсію настаўніка», зьняўшы фільм. Апекавалася праектам Міністэрства адукацыі. У тытрах пазначана, што гэта «нацыянальны фільм». Міністар культуры Руслан Чарнецкі ўжо назваў яго «прарывам» у кіно.
Выпускніцу БДПУ з чырвоным дыплёмам Тацяну Васілеўскую, якую грае маладая актрыса Тэатру кінаактора Ірына Мароз, кіраўніцтва ВНУ накіроўвае на адпрацоўку ў аграгарадок Зарэчча. Сама ж дзяўчына не гарыць жаданьнем пакідаць сталіцу. Дарэчы, ролю старшыні камісіі разьмеркаваньня выконвае сам міністар культуры Руслан Чарнецкі. Тацяна становіцца кляснай ў выпускной 11-й клясе, дзе ўсяго 7 вучняў...
Міністэрства адукацыі рэкамэндавала ўсім школам і гімназіям арганізаваць абавязковы для старэйшых школьнікаў і пэдагогаў прагляд фільму.
«Старэйшыя школьнікі вельмі востра адчуваюць фальш, патас, перабольшваньні»
Настаўніца сталічнай школы Алена (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) расказала, што квіткі раздалі старшаклясьнікам бясплатна. Прызнаецца, самой ёй было цікава паглядзець фільм, бо таксама прайшла разьмеркаваньне, была маладой спэцыялісткай.
«Дарэчы, адзіная сцэна, якая выглядала цалкам рэалістычна і арганічна — гэта разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ. Старшыня камісіі — пыхлівы хам, які зьдзекуецца з выпускнікоў. Я такое таксама перажыла. Дарэчы, ужо пасьля фільму даведалася, што тую ролю граў цяперашні міністар культуры», — кажа настаўніца менскай школы.
Алена прызнаецца, што нават яна, загартаваная «ідэалёгіяй» у сыстэме адукацыі Беларусі, зьдзівілася такому перабору чырвона-зялёных сьцягоў, піянэрскіх гальштукаў, выкананьняў гімну, «прэзэнтацыі» ў фільме кніг «Беларусь — наша радзіма» і «Наш прэзыдэнт» (пра якую галоўная гераіня фільму нібыта пісала дыплёмную працу).
«Яшчэ і цалкам штучнае сьвята народнага адзінства „прышылі“ белымі ніткамі ў гэты фільм, і настаўніца выратавала школьніка, кінуўшыся ў ледзяную ваду. Адкуль у такога маладога рэжысэра столькі ідэалягічных штампаў у галаве? Старэйшыя школьнікі вельмі востра адчуваюць фальш, патас, перабольшваньні, яны проста хіхікалі ў некаторых месцах. А калі маладая настаўніца просіць бацькоў узяць крэдыт, каб яна заплаціла за сваю бясплатную адукацыю і не адпрацоўвала разьмеркаваньне, а яе маці апавядае, як сяброўка той „кляснай“ зьехала ў Лёндан і бацькі шлюць ёй грошы на пражыцьцё — тут мае дзеці проста масава сталі сыходзіць з сэансу», — апавядала настаўніца Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павінны быць амэрыканскія рэжысэр і актор у ролі Освальда», — дасьледнік менскага пэрыяду Освальда аб прапанове Лукашэнкі«Кінэматограф Беларусі можа выратаваць толькі зьмена ўсёй сыстэмы працы ў культуры і ў кіно»
Запыталіся ў кінакрытыка, сузаснавальніцы Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» Ірэны Кацяловіч, ці могуць такія замоўленыя фільмы з абавязковымі праглядамі выратаваць кінастудыю.
Ірэна Кацяловіч
«Асобныя фільмы ня могуць выратаваць кінэматограф у прынцыпе. Кінэматограф Беларусі можа выратаваць толькі зьмена падыходаў і ўсёй сыстэмы працы ў культуры і кіно ў прыватнасьці.
То бок пры сёньняшняй палітычнай сытуацыі, якая патрабуе ад кіно адлюстроўваць дзяржаўныя інтарэсы, калі цалкам кантралюецца і цэнзуруецца вытворчасьць, немагчымае ня толькі выратаваньне „Беларусьфільму“, але і паўстаньне асобных вартых даверу стужак. Мы яшчэ да 2020 году паўжартам казалі, што „Беларусьфільм“ мусіць быць цалкам разбураны. І толькі тады, можа быць, на яго месцы паўстане штосьці эфэктыўнае. Дык вось, калі ў тых умовах яшчэ былі магчымыя выняткі кшталту „Купалы“, сёньня магчымасьцяў на тое — 0, зэро», — перакананая Ірэна Кацяловіч.
Што яшчэ сёлета здымае «Беларусьфільм»?
Завершыўся першы этап расейска-беларускага праекту «Бацька Мінай. Партызанская легенда». Фільм здымаюць расейская студыя ВоенТВ і «Беларусьфільм». Здавалася б, гэта цалкам беларуская гісторыя. Але рэжысэр, сцэнарыст, прадусар фільму — народны артыст Расеі Ігар Угольнікаў. У галоўнай ролі бацькі Міная — расейскі актор Аляксей Краўчанка. Здымкі праходзілі на натуральнай пляцоўцы «Беларусьфільму» ў Смалявічах. Наперадзе — зімовы блёк.
На адкрыцьці ХХХІ Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» паказалі новы фільм «Пераломны момант» беларускага рэжысэра Дзьмітрыя Сарокі. Мяркуецца, што ў сьнежні пачнуцца паказы.
«Гэта поўнамэтражны мастацкі фільм у жанры спартовай драмы, здольны зьдзівіць як у сюжэтным, так і ў тэхнічным пляне», — так прэзэнтавалі стужку на кінафэстывалі. Сюжэт будуецца вакол гісторыі падлетка, які пераадольвае жыцьцёвыя цяжкасці.
Таксама здымаецца фільм «Адно на дваіх» — пра вайсковых лётнікаў, Герояў Беларусі Андрэя Нічыпарчыка і Мікіту Куканенку, якія ў небе над Баранавічамі прынялі рашэньне коштам уласных жыцьцяў адвесьці самалёт у падзеньні ад жылой забудовы, каб трагедыя ня стала катастрофай для ўсяго гораду.
Рэжысэр стужкі — Іван Паўлаў. Ролю аднаго зь лётнікаў выконвае не прафэсійны актор, а інжынэр Ягор Чубакоў.
У далейшых плянах — здымкі фільму пра забойцу Кенэдзі Освальда (сумесна з расейскай кінастудыяй з Мардовіі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча зьняць кіно пра забойцу Кенэдзі разам з Мардовіяй. Раней там здымалі фэнтэзі пра Бабу-ЯгуПрычым гэта прапанаваў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Мардовіі Арцёмам Здунавым — зьняць сэрыял пра забойцу амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кенэдзі Лі Гарві Освальда, які на пачатку 1960-х жыў у Менску.
«Гэтая тэма ў Злучаных Штатах Амэрыкі цяперашнім прэзыдэнтам Дональдам Трампам актыўна падымалася. Калі своечасова здымем гэты фільм, будзе да месца, актуальным будзе фільм», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да кіраўніка Мардовіі. Чаму абраная ў партнэры Мардовія, якія ніколі не вызначалася заўважнымі стужкамі, выпускае ў год па 2–3 фільмы, якія не выходзяць за межы гэтай расейскай аўтаноміі, незразумела.
Выбар паміж «клясавым» і «касавым» кіно
Ці выратуюць «Беларусьфільм» стужкі кшталту «Кляснай» ці прадукцыя расейскіх кінэматаграфістаў? Ці пойдзе масава публіка ў такое кіно?
Кінакрытык Ірэна Кацяловіч кажа, што разумее нараканьні на адсутнасьць гледача ў беларускага кіно, але ідэалягічныя стужкі гэтую праблему не вырашаць.
«Вядома, што менавіта публікай, а таксама ўзнагародамі й прэміямі мераецца посьпех фільмаў. Але мне не здаецца адэкватным чакаць ад сёньняшніх беларускіх фільмаў, зь якіх сьвіціцца ідэалягічная замова, посьпеху ў беларускай, а пагатоў замежнай публікі, чаго патрабуе ад „Беларусьфільму“ Аляксандар Лукашэнка.
Як і каму прадаваць за мяжу тую ж „Клясную“ з лубачна „ўшчэмленым“ у сюжэт дзяржаўным гімнам усярэдзіне? Калі замежнае разнастайнае кіно добрай якасьці даступнае проста дома, калі кожны можа мець падпіскі на некалькі стрымінгавых сэрвісаў і штовечар мець шырокі выбар да прагляду, варта цьвяроза і стратэгічна ацэньваць, што тваё нацыянальнае кіно можа прапанаваць міжнароднаму кантэксту, і ўсё ж такі канчаткова выбраць паміж „клясавым“ і касавым кіно. І калі выбіраецца першае, то спадзявацца можна толькі на дзяржаўную тэлевізію і адміністрацыйны рэсурс для кінатэатраў», — перакананая Ірэна Кацяловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Каці й Ігара будзе чацьвёра дзяцей, я ведаю іх імёны». Беларуская рэжысэрка — пра свой фільм, яго пракатны лёс і новыя праекты