Дзьве АЭС ва Ўкраіне зьнізілі магутнасьць, бо расейскія войскі пашкодзілі падстанцыю

Хмяльніцкая АЭС, архіўнае фота

У МАГАТЭ заявілі аб ядзернай небясьпецы.

Хмяльніцкая і Ровенская АЭС (апошняя паблізу Беларусі) апошнія 10 дзён працуюць на паніжанай магутнасьці, бо расейскія войскі пашкодзілі электрападстанцыю, прыцыпова значную для ядзернай бясьпекі.

Як адзначаецца ў паведамленьні Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA), падстанцыі ёсьць крытычна важнымі вузламі ў электрасетцы краіны, а атамныя станцыі выкарыстоўваюць іх для падтрыманьня вонкавых крыніц электраэнэргіі, якая сілкуе сыстэмы бясьпекі і ахалоджваньня.

Праз расейскую атаку абедзьве гэтыя станцыі засталіся толькі на адной лініі электраперадач — другая была пашкоджаная.

«Надзейнае электразабесьпячэньне па-за пляцоўкай мае жыцьцёва важнае значэньне для падтрыманьня і функцыянаваньня ядзернай бясьпекі. З гэтай мэтай экспэрты агенцтва праз спэцыяльныя экспэртныя місіі працягнуць ацэнку функцыянальнасьці падстанцыяў, якія маюць вырашальнае значэньне для ядзернай бясьпекі», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне пашкоджаныя падстанцыі на дзьвюх АЭС і чыгунка, ёсьць ахвяры. Вынікі новых расейскіх абстрэлаў

Расейскія войскі сама меней двойчы атакавалі падстанцыі Паўдзённаўкраінскай і Хмяльніцкай АЭС — у ноч на 31 кастрычніка, а Ровенскай і Хмяльніцкай АЭС — у ноч на 7 лістапада. Тады МАГАТЭ таксама папярэджвала аб пагрозах для ядзернай бясьпекі і заклікала да «максымальнай ваеннай стрыманасьці ў ваколіцах ядзерных аб’ектаў і поўнага выкананьня сямі неад’емных прынцыпаў ядзернай бясьпекі».

У той жа час Расею як крыніцу гэтай небясьпекі ў заяве ня згадвалі ні тады, ні цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БелАЭС працуюць колішнія спэцыялісты захопленай у 2022 годзе Расеяй Запароскай АЭС. Некаторыя ўжо маюць пашпарт Беларусі