19 лістапада ўрад Літвы вырашыць, ці адкрываць два закрытыя памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю, перадае LRT.
Прычым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што падтрымала б такое рашэньне.
«Насамрэч сёньня, калі сытуацыя ня зьменіцца і мы будзем мець такія ж вынікі, якія мы бачым і сёньня, то я сама асабіста падтрымліваю [такое рашэньне]. Але дачакаемся рашэньня ўраду, бо ўсё ж такі гэта калегіяльны орган», — сказала Ругінене ў аўторак пасьля пасяджэньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы.
Калі будзе вырашана адкрыць памежныя пункты, гэта можна зрабіць цягам содняў
Ругінене таксама адзначыла, што Літва пакідае за сабой права не адкрываць памежныя пункты і закрываць іх у любы час.
Паводле прэмʼер-міністаркі, апошнім часам паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі стала меней.
«Недзе каля тыдня фіксуем невялікую колькасьць шароў — ад нуля да 2-3».
«Гэта дакладна не праз умовы надворʼя», — дадала яна.
Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва заклікала Эўразьвяз увесьці новыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і ўстановаў — за гібрыдную атакуНа мяжы сустрэліся намесьнікі кіраўнікоў памежных службаў Беларусі і Літвы
18 лістапада адбылася сустрэча памежнікаў Літвы і Беларусі на закрытым памежным пераходзе «Лаварышкі» на ўзроўні намесьнікаў кіраўнікоў памежных ведамстваў — Данатаса Шкарнуліса і Рамана Подлінева.
Як паведаміла Літоўская служба аховы мяжы, беларускаму боку перадалі пазыцыю Літвы і заклікалі вырашыць найбольш актуальныя на сёньня праблемы.
- Спыніць кантрабанду паветранымі шарамі, якая пагражае авіяцыі і грамадзкай бясьпецы.
- Вырашыць пытаньне вяртаньня літоўскіх грузавікоў і не спаганяць за іхную стаянку непрапарцыйныя грошы.
- Спыніць нелегальную міграцыю зь Беларусі ня толькі ў Літву, але і ва ўсім рэгіёне.
Беларускія памежнікі ў сваю чаргу перадалі пазыцыю Беларусі, падрабязнасьцяў якой на момант публікацыі не было.
Раней сёньня літоўскія памежнікі паведамілі, што за мінулыя содні нелегальна перасячы беларуска-літоўскую мяжу не спрабаваў ніводзін мігрант. Пры тым, што сёлета такіх спробаў было 1546.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыжанкоў расказаў, што Польшча прадэманстравала Літве, аднавіўшы памежны рухЗакрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі
- 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
- Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
- А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
- Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
- Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
- Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
- Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
- Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.