Дзяржава папрасіла вернікаў сабраць грошы на аднаўленьне касьцёлу ў Княжыцах. Раней яго абяцалі аднавіць за кошт бюджэту

Знутры касьцёлу ў Княжыцах

На ратаваньне вядомага касьцёлу дзяржава так і не знайшла грошай і зьвярнулася да грамадзян.

Магілёўскі райвыканкам абвясьціў збор ахвяраваньняў для правядзеньня супрацьаварыйных мерапрыемстваў і кансэрвацыйных работ закінутага касьцёлу сьвятога Мікалая ў вёсцы Княжыцы. Касьцёл у Княжыцах — папулярнае месца ў турыстаў, якія заяжджаюць у рэгіён, у тым ліку для правядзеньня для фотасэсій.

Публікацыю назвалі «зваротам да спадкаемцаў гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Магілёўшчыны» і адзначылі, што будынак мае патрэбу ў правядзеньні тэрміновых супрацьаварыйных і кансэрвацыйных работ.

Для гэтага адкрылі дабрачынны рахунак і зьвярнуліся «да ўсіх неабыякавых з просьбай аказаць фінансавую дапамогу».

Будынак XVII стагодзьдзя ўваходзіць у сьпіс ахоўваных дзяржавай помнікаў архітэктуры і належыць дзяржаве. Але цягам некалькіх гадоў дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў і нават не закансэрвавала будынак належным чынам. Грошай у бюджэце на гэта так і не знайшлі, адзначае партал Katolik.life.

Касьцёл у Княжыцах у 2020 годзе

Яшчэ ў 2015 годзе касьцёл у Княжыцах, які ўваходзіць у сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны, уключылі ў рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі ў Магілёўскім раёне дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016–2020 гады. На аднаўленчыя работы абяцалі выдаткаваць каля 370 тысяч рублёў. Але ніякіх грошай не далі.

Будынак стаіць на балянсе Княжыцкага сельвыканкаму, але там толькі аперазалі небясьпечны аб’ект драўляным плотам, закалацілі ўсе ўваходы, па пэрымэтры разьвесілі шыльды: «Уваход забаронены».

У 2024 годзе мясцовыя жыхары накіроўвалі пэтыцыю з просьбай аднавіць аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны. Тады грошай таксама атрымаць не ўдалося, і толькі цяпер улады заняліся касьцёлам. Аднак ня выдаткавалі на яго грошай, а толькі абвясьцілі грамадзкі збор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ незвычайных месцаў, якія варта наведаць у Беларусі. Магілёўская вобласьць