Былога байца палка Каліноўскага Максіма Ралько прыгаварылі да 10 гадоў калёніі

Шаўрон Палку Каліноўскага

Пра прысуд паведаміла Генэральная пракуратура Беларусі.

Артыкулы, паводле якіх судзілі Максіма Ралько, не пазначаныя. Але, як піша Генпракуратура, мужчына «без упаўнаважаньня дзяржавы ўзяў удзел ува ўзброеным канфлікце і ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны і вэрбаваў іншых асобаў з гэтай мэтай».

Акрамя таго, яго абвінавацілі ў тым, што ён «зьдзяйсьняў у інтарэсах злачыннай арганізацыі іншыя дзеяньні, каб забясьпечыць захоп дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам» і «аказваў іншае спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці».

Ралько затрымалі ў 2024 годзе пры ўезьдзе ў краіну празь беларуска-польскую мяжу ў пункце пропуску «Берасьце».

Улады сьцьвярджалі, што Ралько «актыўна супрацоўнічаў са сьледствам, расказваў пра былых хаўрусьнікаў, дапамагаў апазнаваць іх па фатаграфіях». Але ніякага пацьверджаньня гэтым словам няма.

Максім Ралько ўступіў у полк Каліноўскага ў 2022 годзе. Тады яму быў 21 год.

У 2024 годзе звольніўся і перабраўся ў Польшчу, а адтуль — у Нямеччыну, дзе падаў запыт на статус міжнароднай абароны, потым пакінуў лягер для ўцекачоў і зьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога каліноўца Верамейчыка выдалі зь Віетнаму ў Беларусь