У Мазыры вярнулі падсьвятленьне на мост цераз Прыпяць, але праблемы ня зьніклі

Новы мост у Мазыры

Улады гучна расказвалі, што новы мост здадзены ў карыстаньне з новым падсьвятленьнем, аднак ужо празь некалькі дзён вагні адключылі, што спарадзіла незадаволенасьць мясцовых жыхароў і падазрэньні ў тым, што ўлады рабілі падсьвятленьне толькі дзеля розгаласу.

Мазырскія ўлады праз сваю газэту надрукавалі артыкул пра вяртаньне падсьвятленьня на мост цераз Прыпяць. Зьмясьцілі там і афіцыйную вэрсію таго, чаму мост не падсьвятляўся некалькі дзён.

«У ДЭУ-43 растлумачылі, што днямі была пераналадка сыстэмы, і сапраўды падсьвятленьне самой аркі часова адключылі. Але гэта не магло і не парушыла асьвятленьне самога мосту — ліхтары спраўна асьвятлялі дарогу кіроўцам».

Раней улады нагадвалі пра адказнасьць за вандалізм на мосьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На тле вайны ва Ўкраіне неяк нам радавацца...». Лукашэнка адкрыў мост і заклікаў украінцаў ехаць у Беларусь

Выданьне «Флагшток», якое першым заўважыла праблемы з падсьвятленьнем толькі што адчыненага мосту, заўважыла шэраг нэгатыўных камэнтароў, якія выкрываюць праблемы, што ня зьніклі з уключэньнем падсьвятленьня. Напрыклад, высьветлілася, што некаторыя мазыране, якія праяжджалі па мосьце на досьвітку, бачылі ня толькі адсутнасьць падсьвятленьня, але й ліхтары, якія таксама не гарэлі.

Некаторыя жыхары вымушаныя дабірацца на іншы бераг цераз цалкам цёмны мост. А яшчэ на мосьце не працуюць ліфты, таму ў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі няма магчымасьці пашпацыраваць удзень.

Абноўлены мост цераз раку Прыпяць у Мазыры адкрылі 6 лістапада, прымеркаваўшы адкрыцьцё пад дзень бальшавіцкага перавароту ў Пецярбургу ў 1917-м. На цырымонію прыехаў Лукашэнка, які стаў запрашаць у Беларусь украінцаў. Пакуль на мосьце вяліся работы, мясцовыя жыхары і госьці Мазыршчыны вымушана дабіраліся да патрэбных месцаў у вялікі аб’езд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перарэзаныя ракой. Як рамонт моста ў Мазыры стварыў праблемы для гараджан

Калі вяртацца да іншых праблемаў рэгіёну, то Свабода раней пісала пра закрыцьцё радзільняў і іншых мэдычных установаў у рэгіёне. Такія праблемы былі, напрыклад, у Каленкавічах, што месьцяцца вельмі блізка да Мазыра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі надалей закрываюць радзільні. Праблемы ў Каленкавічах, Вялейцы, Полацку, іншых гарадах