Аднавілі працу пункты пропуску ў Салечніках і Медніках на літоўска-беларускай мяжы

Стоп-кадар зь відэа Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі

Сумежныя беларускія пункты пропуску Беняконі і Каменны Лог таксама аднавілі пропуск.

Пра гэта паведамілі памежныя ведамствы Беларусі і Літвы.

Паводле сайту беларускага памежнага камітэту, чэргаў на выезд зь Беларусі ў краіны Эўразьвязу легкавікоў і аўтобусаў на ўсіх пунктах пропуску няма.

Адкрыцьцё брамы на літоўскай мяжы ў Салечніках, стоп-кадар зь відэа беларускага Памежнага камітэту

У Каменным Логу чакаюць на выезд 570 грузавікоў, у Беняконях — 355, у Казловічах на польскай мяжы — 1055.

Польскія памежнікі паведамляюць, што чаканьне грузавікоў на выезд у Беларусь у Баброўніках складае 7 гадзін, у Кукурыках — 14 гадзін.

Паводле літоўскіх памежнікаў, у Медніках чакаюць выезду ў Беларусь 34 грузавікі, у Салечніках — 25. Прыблізны час чаканьня — 5 гадзін.

Літоўскі бок паведамляе: на пунктах пропуску Меднікі і Салечнікі чэргаў няма, рух слабы, літоўскія фуры не вяртаюцца

Як паведамляе літоўскае выданьне Delfi, пасьля таго як апоўначы Літва адкрыла пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю, «значных транспартных патокаў пакуль не зафіксавана».

«У параўнаньні з пэрыядамі, калі пункты працавалі на поўную магутнасьць, патокі невялікія, але гэта зразумела, бо гэта толькі пачатак. Да таго ж была ноч, руху няма. Патокі мінімальныя, але павінны павялічыцца ў сьветлы час сутак і ў іншыя дні», – сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.

Вядома, што ноччу ніводная літоўская фура не праехала праз пункты пропуску, паведамляе выданьне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літоўцы „міргнулі“ першыя». Класкоўскі пра тое, хто перамог у супрацьстаяньні Менску зь Вільняй і Варшавай

Урад Літвы 19 лістапада вырашыў адкрыць два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца, а 1-й гадзіне па беларускім часе 20 лістапада.

Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене растлумачыла рашэньне ўраду:

«Апошнім часам мы назіраем вельмі значнае зьніжэньне перавозак кантрабанды паветраным транспартам, што прывяло да зьніжэньня рызыкі і пагроз для нацыянальнай бясьпекі, грамадзянскай авіяцыі і нашага грамадзтва».

Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч на пасяджэньні ўраду заявіў, што абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы, устаноўленыя раней, больш не патрэбныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абодва бакі захавалі твар, — палітоляг аб завяршэньні крызісу з закрыцьцём літоўска-беларускай мяжы

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Літвы і Беларусі

  • 8 жніўня 2023 году Літва закрыла пункты пропуску Шумск (з боку Беларусі Лоша) і Цьверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягвалі працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
  • Урад Літвы стаў задумвацца пра поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю пасьля таго, як у кастрычніку некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія, паводле заяваў МЗС Літвы, ляцелі зь Беларусі, несучы кантрабанду, перадусім цыгарэты.
  • Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы падчас залёту балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі двойчы цалкам закрывала мяжу зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы. Упершыню мяжа была закрытая ў ноч на 22 кастрычніка.
  • А з 27 кастрычніка Літва закрыла яе для беларусаў цалкам, з пэўнымі выняткамі, напрыклад, для вяртаньня на радзіму грамадзян Літвы і для машын з дыпляматычнымі нумарамі. Пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) таксама закрылі.
  • Урад Літвы заявіў, што мяжа цалкам закрываецца да 30 лістапада, але тэрмін можа быць падоўжаны, калі сытуацыя з залётамі балёнаў не палепшыцца.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўлады ў Менску ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
  • Увечары 10 лістапада Літва зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Неўзабаве стала вядома, што Менск адмовіў.
  • Міністар унутраных справаў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч у інтэрвію Свабодзе прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і гэта пачалі вывучаць літоўскія крыміналісты.
  • Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на перапродажы.
  • Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
  • 28 кастрычніка Польшча заявіла, што гатовая адкрыць два памежныя пераходы зь Беларусьсю ў лістападзе. Але 30 кастрычніка пасьля кансультацыяў зь Літвой перанесла гэты неназваны тэрмін яшчэ на некалькі тыдняў. Толькі 17 лістапада адкрыліся двух пункты ў Баброўніках (з боку Беларусі Бераставіца) і ў Кузьніцы (Брузгі). У той жа час кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва можа адкрыць два закрытыя памежныя пераходы зь Беларусьсю раней за 30 лістапада.
  • 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) адкрыюцца з 20 лістапада.
  • Перад гэтым рашэньнем прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней. Ругінене таксама адзначыла, што былі «пэўныя пазытыўныя рэчы» і з боку Беларусі.
  • Пераходы Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі) зноў адкрыліся 20 лістапада.