У Цярнопалі на месцы расейскага ракетнага ўдару працягваюцца пошукавыя працы. ФОТА, ВІДЭА

На месцы расейскага ракетнага нападу на Цярнопаль, 20 лістапада 2025

Пошукава-выратавальныя апэрацыі працягваюцца на месцы расейскага ўдару ў Цярнопалі, паведаміла Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях Украіны.

У Цярнопалі, дзе на месцы расейскага ўдару працягваюцца пошукава-выратавальныя апэрацыі, месцазнаходжаньне 22 чалавек дагэтуль невядомае, заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Паводле зьвестак ДСНС Украіны, у выратавальнай апэрацыі задзейнічалі больш за 230 ратавальнікаў і 50 адзінак тэхнікі — разабралі больш за 700 квадратных мэтраў завалаў, вывезьлі 230 кубічных мэтраў разбураных канструкцый.

«Пошук людзей, месцазнаходжаньне якіх дагэтуль невядомае, працягваецца. Праца ўскладняецца высокай фрагмэнтацыяй канструкцый, маштабнымі разбурэньнямі і неабходнасьцю працаваць выключна ўручную ў шэрагу раёнаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

На месцы расейскага ракетнага нападу на Цярнопаль, 20 лістапада 2025

Па стане на раніцу 20 лістапада інфармацыя аб загінулых і параненых не зьмянілася — загінулі 26 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. 93 чалавекі атрымалі раненьні, у тым ліку 18 дзяцей. 46 чалавек выратаваныя.

На месцы расейскага ракетнага нападу на Цярнопаль, 19 лістапада 2025

У Цярнопалі паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў Украіны пашкоджаныя два 9-павярховыя жылыя дамы: у адным адбыўся пажар, у другім — разбурэньні з 3-га па 9-ы паверх.

На месцы расейскага ракетнага нападу на Цярнопаль, 20 лістапада 2025

Паводле зьвестак Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны, у ноч на 19 лістапада расейскія войскі нанесьлі камбінаваны ўдар па аб’ектах крытычна важнай інфраструктуры ва Ўкраіне з выкарыстаньнем 476 ударных БПЛА і 48 ракет паветранага і наземнага базіраваньня.

Асноўны кірунак расейскага паветранага ўдару 19 лістапада— Львоўская, Цярнопальская і Харкаўская вобласьці.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных БПЛА, ракет, бомбаў.

Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны зьдзяйсьняе мэтанакіраваныя напады на грамадзянскую інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы шпіталі, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя напады як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея запусьціла па Ўкраіне больш за 470 дронаў і 48 ракет. У Цярнопалі загінулі 25 чалавек