Менчуку Яўгену Валыхіну прысудзілі 4,5 года зьняволеньня паводле трох палітычных артыкулаў, паведамляе «Вясна».
Паводле праваабаронцаў, Валыхіна прызналі вінаватым у «закліках да санкцыяў» (артыкул 361, ч.1 Крымінальнага кодэксу), «распальваньні варожасьці» (арт. 130, ч. 1) і «абразе Лукашэнкі» (арт. 368, ч. 1).
Яўгену Валыхіну 52 гады, ён жыве ў Менску, мае ўласны бізнэс. Да арышту ў чэрвені 2025 году займаўся вырабам і ўсталяваньнем ПВХ-вокнаў і бальконных рамаў, шкліў і ўцяпляў гаўбцы і лёджыі.
Як паведамляе «Наша ніва» з спасылкай на сацыяльныя сеткі Валыхіна, ён настальгаваў па СССР, захапляўся так званымі «героямі Наваросіі», зьневажаў украінцаў і пры гэтым крытыкаваў Лукашэнку і расейскія ўлады.
14 лістапада 2025 году Валыхіна ўнесьлі ў «сьпіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці», паведамляе «Вясна».
Праваабаронцы прызналі Яўгена Валыхіна палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 лістапада: былую супрацоўніцу Акадэміі навук асудзілі за «фінансаваньне экстрэмізму»Праваабаронцы прызналі яшчэ 6 чалавек палітвязьнямі
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб прызнаньні палітвязьнямі яшчэ шасьці чалавек, асуджаных уладамі паводле палітычных матываў.
Як адзначаецца ў паведамленьні, гэта Мікіта Нячаеў, Дар’я Пучыла, Вольга Матусевіч, Павел Ксяндзоў, Людміла Ксяндзова, Сяргей Даронін.
Цяпер у сьпісе «Вясны» 1257 палітвязьняў. З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году палітвязьнямі былі прызнаныя 4278 чалавек.
Некамэрцыйная ініцыятыва па падтрымцы палітычных зьняволеных dissidentby прызнала палітвязьнямі 1286 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінка расказала пра арышт у Беларусі, зьдзекі ў калёніі, сакрэтную кватэру КДБ і абмен зь мехам на галаве