Польшча патрабуе ад Беларусі выдаць двух дывэрсантаў, якія ўчынілі падрыў чыгункі

Урадавая дэлегацыя Польшчы на месцы падрыву чыгуначных каляінаў

Часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Варшаве выдалі ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух украінскіх дывэрсантаў, якія падарвалі рэйкі на ўсходзе Польшчы.

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Варшаве атрымаў у сераду, 20 лістапада, ноту з просьбай аб экстрадыцыі двух грамадзян Украіны, падазраваных у дывэрсіі, зарганізаванай Расеяй. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Польшчы дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву PAP.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два здарэньні на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасьці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне паселішча Жычын у Мазавецкім ваяводзтве, у люблінскім кірунку. Каляіны пашкодзіў выбух, непадалёк выяўленая яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія мэдыя.

Другі падрыў адбыўся пад Пулавамі ў Люблінскім ваяводзтве, пашкоджаная чыгуначная кантактная сетка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля дывэрсіі на чыгунцы Польшча накіруе 10 тысяч вайскоўцаў на крытычныя аб’екты

18 лістапада прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дывэрсію на польскай чыгунцы зьдзейсьнілі грамадзяне Ўкраіны, якія пасьля гэтага праз пункт пропуску Тарэспаль выехалі ў Беларусь.

Тады ж міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў СМІ, што Варшава будзе патрабаваць ад Менску выдачы фігурантаў справы.

На наступны дзень пракуратура Польшчы выставіла абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні дывэрсіяў тэрарыстычнага характару на замову Расеі. Датычнымі да іх называюць 39-гадовага Аляксандра К. і 41-гадовага Яўгена І.

Мужчын абвінавачваюць у шпіянажы, які ўключае дывэрсіі ў інтарэсах замежных спэцслужбаў, у стварэньні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і ў выкарыстаньні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

У справе аб дывэрсіях затрымалі яшчэ некалькі чалавек, але абвінавачаньні ім пакуль ня выставілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Туск: асобы, што ўчынілі дывэрсію ў Польшчы, прыехалі зь Беларусі і вярнуліся ў яе