Дата дня
21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Неўзабаве Случчына стала арэнай беларуска-савецкай вайны за незалежнасьць.
Таксама ў гэты дзень
1368 — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася марнай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.
Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя
1926 — у Менску завяршыла працу Акадэмічная канфэрэнцыя аб рэформе беларускага правапісу. Гэта быў пік савецкай беларусізацыі. На канфэрэнцыю прыехалі шмат замежных навукоўцаў. Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.
Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»
1926 — адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Тэатар імя Якуба Коласа
2013 — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг пратэсту, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.
У гэты дзень нарадзіліся
1869 — Казімер Стаброўскі, мастак.
1896 — Зьміцер Прышчэпаў, беларускі савецкі дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924–1929 гадах. Асуджаны на расстрэл, памёр у 1940 годзе ў турэмным шпіталі ў Менску.
1910 — Міхал Суднік, беларускі мовазнаўца.
1925 — Сямён Герус, беларускі графік.
1957 — Мірон (Міраслаў Хадакоўскі), гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал, праваслаўны ардынар для Войска Польскага.
У памяці
1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі. Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы шмат легендаў.
Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку»
1830 — Ян Сьнядэцкі, астраном, матэматык, рэктар Віленскага ўнівэрсытэту.
1985 —Юрка Геніюш, беларускі паэт, сын Ларысы Геніюш, загінуў пры нявысьветленых абставінах.