«Прэзыдэнт Украіны вызначыў прынцыповыя асновы, важныя для нашага народу, і ў выніку сёньняшняй сустрэчы дамовіліся працаваць над пунктамі пляну так, каб гэта прывяло да годнага завяршэньня вайны», — адзначаецца ў паведамленьні Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны нагадвае, што Ўкраіна з пачатку гэтага году падтрымлівала прапановы прэзыдэнта Дональда Трампа. «Гатовыя і цяпер канструктыўна працаваць з амэрыканскім бокам і нашымі партнэрамі ў Эўропе і сьвеце, каб вынікам стаў мір», — падкрэсьлілі ў Офісе Ўладзіміра Зяленскага.
Згодна з інфармацыяй, Уладзімір Зяленскі спадзяецца неўзабаве абмеркаваць з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам «наяўныя дыпляматычныя магчымасьці і асноўныя пункты, патрэбныя для міру».
Пазьней паведамілі, што Ўладзімір Зяленскі сустрэўся зь міністрам Сухаземных войскаў Узброеных сілаў ЗША Дэніелам Дрыскалам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША схіляюць Украіну значна саступіць Расеі падчас буйнога карупцыйнага скандалу ў КіевеПерад гэтым шэраг мэдыя паведамілі, што ў новым праекце прапановаў аб спыненьні вайны ва Ўкраіне ЗША заклікае Кіеў адмовіцца ад часткі сваёй тэрыторыі і часткі ўзбраеньня. Прапановы ЗША таксама ўключаюць скарачэньне Ўзброеных сілаў Украіны і зьніжэньне вайсковай дапамогі ЗША, неабходнай для барацьбы Ўкраіны супраць расейскіх войскаў.
Акрамя таго, прапаноўваецца не дапускаць замежныя войскі на ўкраінскую тэрыторыю і больш не перадаваць Кіеву зброю далёкага радыюсу дзеяньня. Прапановы, падрабязна апісаныя The Financial Times і Reuters, у значнай ступені адпавядаюць жорсткім патрабаваньням, якія Расея выстаўляла з пачатку гэтага году, калі прэзыдэнт Дональд Трамп вырашыў пачаць простыя перамовы з Масквой аб вайне ва Ўкраіне.
Гэтыя прапановы патэнцыйна ставяць Зяленскага ў цяжкае становішча. На полі бою ўкраінскія войскі зь цяжкасьцю стрымліваюць большую і лепш забясьпечаную расейскую армію нават у той час, калі маскоўскія войскі нясуць надзвычайныя страты. Расея набліжаецца да ключавога гораду Пакроўску, гэта частка заяўленай Пуціным мэты кантраляваць увесь усходні Данбас. Расея бамбіць гарады Ўкраіны і яе энэргетычную інфраструктуру перад зімой, імкнучыся дэмаралізаваць і без таго зьнясіленых украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі ў адказ на ініцыятыву ЗША заявілі, што мірны плян для Ўкраіны патрабуе ўдзелу Кіева і Эўрапейскага Зьвязу