Як сказана ў абгрунтаваньні праекту, патрэба ў ліцэнзаваньні імпарту вынікае з высокіх транспартных выдаткаў дрэваапрацоўчых заводаў на экспартныя пастаўкі, што ўплывае на канчатковую цану тавараў і адпаведна не дазваляе «эфэктыўна выкарыстоўваць» вытворчыя магутнасьці ўласных прадпрыемстваў, зьніжае адлічэньні ў дзяржаўны бюджэт і стрымлівае рост заробкаў у галіне.
Абмежаваньне на шэсьць месяцаў прапануюць для прадукцыі, вырабленай за межамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Гэта, паводле канцэрну, дазволіць павялічыць даходы дзяржаўнага бюджэту прыблізна на 31,5 тысячы рублёў, павялічыць выпуск айчыннай прадукцыі і гэтым падтрымаць беларускіх вытворцаў.
У пералік прадукцыі прапанавалі ўключыць драўляныя пліты трох тыпаў, вокны, бальконныя дзьверы, рамы, панэлі на падлогу, паперу, папяровыя мяхі й пакеты, кардон, мэблю, запалкі, насоўкі, туалетную паперу, папяровыя ручнікі, абрусы й сурвэткі.
Грамадзкае абмеркаваньне завершыцца 30 лістапада, а пасьля дакумэнт разгледзіць урад. Ліцэнзіі на ўвоз імпартнай прадукцыі з паперы будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Пасьля ўводу міжнародных санкцыяў супраць Беларусі за здушэньне акцыяў пратэсту, фальсыфікацыю вынікаў выбараў прэзыдэнта і пазьней за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны беларускія вытворцы сталі губляць традыцыйныя рынку збыту прадукцыі, мяняць лягістыку, што прывяло да росту цаны і зьніжэньня канкурэнтаздольнасьці тавараў на замежных рынкаў.
Раней урад Беларусі ўводзіў ліцэнзаваньне на імпарт гатовай скуры з шкуры буйной рагатай жывёлы, а таксама на вываз з краіны пэўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зноў увялі ліцэнзіі на імпарт скуры